Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хром, ‑у, м.

1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.

2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).

3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

хрома... (а таксама храма...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) той, што ўтрымлівае ў сабе хром (у 1 знач.), напрыклад: хромаалюмініевы; 2) які мае адносіны да колеру, фарбы; каляровы, напрыклад: хромалітаграфія.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

хро́мавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрому, які змяшчае ў сабе хром (у 1 знач.). Хромавая сталь. Хромавая фарба. Хромавая руда.

2. Які праводзіцца пры дапамозе хрому (у 1 знач.). Скура хромавага дублення.

3. Які з’яўляецца хромам (у 3 знач.). Хромавая скура. // Зроблены з хрому. [Стафанковіч] быў апранут у шматкішэнны фрэнч.. і хромавыя зграбныя боты на высокіх абцасах. Чорны. Цвёрда ступаючы хромавымі ботамі па пяску, старшыня рушыў у праўленне. Навуменка.

хромагравю́ра, ‑ы, ж.

Спец. Шматкаляровы адбітак, зроблены літаграфскім спосабам.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і слова гравюра.]

хромалітагра́ф, ‑а, м.

Майстар-літаграф, які падрыхтоўвае друкаваную форму для ўзнаўлення шматколерных арыгіналаў.

хромалітаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хромалітаграфіі; зроблены спосабам хромалітаграфіі. Хромалітаграфічны малюнак.

хромалітагра́фія, ‑і, ж.

Літаграфічны спосаб друкавання некалькімі фарбамі. // Адбітак (малюнак), зроблены такім спосабам.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і слова літаграфія.]

хромалітагра́фскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хромалітаграфіі.

хромафатаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. уст. Які мае адносіны да хромафатаграфіі; зроблены спосабам хромафатаграфіі.

хромафатагра́фія, ‑і, ж.

Спец. уст. Каляровая фатаграфія.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і слова фатаграфія.]