Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хру́мканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрумкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Іншы раз.. наслухаешся за дзень кепскага хрумкання. Кулакоўскі.

хру́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і хрумстаць. Страляніна на фронце яшчэ не ўнімалася, .. а коні, здавалася, спакойна хрумкалі сырую канюшыну. Нікановіч. Хрумкае пад хуткім крокам снег. Шынклер.

хрумст, ‑у, М ‑сце, м.

Хруст, трэск. Віця паднёс, [пясок] да мікрафона і пацёр у далонях. Хрумсту не было. Шыцік. Убачыў [Гарэнка] у абед, як Юрка гэты з хрумстам аплятае салёныя [а]гурочкі, такія пругкія, сакаўныя. Вышынскі.

хру́мстанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрумстаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін.

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

хру́мсткі, ‑ая, ‑ае.

Які хрумсціць. Гэта быў ладны жытнёвы акраец з паджарыстай хрумсткай скарынкай. Быкаў. Бацькава крышачку — гэта пудоў з дваццаць духмянага хрумсткага сена. Б. Стральцоў.

хрумсце́ць, ‑мшчу, ‑мсціш, ‑меціць; незак.

Разм. Тое, што і хрумстаць. Каля плота хрумсцелі абабранымі зялёнымі яблыкамі дзеці. Адамчык. Жучок [сабака] хапае цукар на ляту, хрумсціць ім. Лупсякоў. Сняжок хрумсціць пад нагамі. Брыль. Пад нагамі хрумсцела тонкая наледзь. Навуменка. Мякка хрумсціць пад нагамі сушняк. Барадулін. Хрумсцяць у садзе пад падэшвамі крупінкі вугалю ў траве. Вялюгін.

хрумсь-хру́мсь, выкл.

Разм. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння хрусту. Хрумсь-хрумсь... — чулася на плоце: дзеці елі рабіну. Пташнікаў.

хру́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да хрустаць, хрусцець.

2. Зламацца з хрустам. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Вол як рэзнуўся лбом у вароты, дык тыя хруснулі, а сам ён і асеў на пярэднія ногі. Марціновіч.

хруст, ‑у, М ‑сце, м.

Трэск ад чаго‑н., што ломіцца, крышыцца і пад. З-за куста пачуўся лёгкі хруст, быццам пад нагою зламалася [галінка]. Гартны. Лядок з тонкім хрустам лопаўся пад нагамі, пырскаючы вадой. Гаўрылкін. // Падобны гук пры жаванні, ядзе. Аржанец узяў з міскі агурок, адкусіў яго амаль да палавіны і, з хрустам жуючы, усміхнуўся. Брыль.

•••

Да хрусту — так, каб захрусцела, хруснула. [Бацька] напружвае сківіцы да хрусту. Бядуля.