хрыбет, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. ▪ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)