Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ужыва́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ужывальнага; частата ўжывання чаго‑н. Ступень ужывальнасці варыянтаў слова.

ужыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які часта, шырока ўжываецца; агульнапрыняты. Найбольш ужывальнымі суфіксамі назоўнікаў жаночага роду з’яўляюцца наступныя: ‑к-а.., ‑антк-а. Граматыка.

ужыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ужываць — ужыць і стан паводле знач. дзеясл. ужывацца ​2; прымяненне, выкарыстоўванне. Пераноснае ўжыванне слова. □ Калісьці ў .. прадзеда [пана Магдановіча] ляжаў дзікі пустыр зямлі без усялякага ўжывання. Бядуля.

2. Ужытак (у 2 знач.). Знаходзіцца ва ўжыванні.

ужыва́ны, ‑ая, ‑ае.

Які ўжо быў ва ўжытку. [Рая Коган] сказала, у якім завулку ёсць магазіны, дзе купляюць і прадаюць ужываныя падручнікі. Мядзёлка.

ужыва́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ужыцца.

ужыва́цца 2, ‑аецца; незак.

1. Выкарыстоўвацца, прымяняцца. Ад батарэйкі, якая ўжываецца да кішэннага ліхтарыка, ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін — плюс, а другі — мінус. Карпюк. Шырока ўжываліся на Беларусі разнастайныя пасткі. «Помнікі». // Выкарыстоўвацца на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Выражаючы няпэўную множцасць, зборныя назоўнікі ўжываюцца звычайна толькі ў форме адзіночнага ліку. Граматыка.

2. Зал. да ужываць.

ужыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да ужыць ​2.

2. Спажываць (як яду, піццё і пад.). — На маю долю каньяку не заказвайце, — напомніў Іван Самсонавіч. — Не ўжываю. Пальчэўскі. [Дзед Мікалай:] — Закурвай, калі ўжываеш. Якімовіч.

ужыві́ць, ужыўлю, ужывіш, ужывіць; зак., што.

Зрабіць ужыўленне.

ужы́так, ‑тку, м.

1. Стан паводле знач. дзеясл. ужываць і ужывацца ​2. Доўга перабіраў [Васіль] сваё начынне, што ўжо даўно ляжала без усялякага ўжытку пад лавай. Няхай.

2. Прымяненне, выкарыстанне ў штодзённым жыцці. Рэчы хатняга ўжытку. □ У вёсках Беларусі звычайна былі ва ўжытку косы з доўгім пасеем. «Помнікі». // Агульнапрынятае ўжыванне. Я не ў сталіцы, а ў краі, які завецца ва ўжытку цаліннымі землямі. Васілёнак. Закаханасць у народнае слова добра відаць і ў тым, што ў вершах Р. Барадуліна нямала слоў сваіх, «ушацкіх», каларытных, свежых, якія яшчэ не атрымалі літаратурнага грамадзянства, але, магчыма, з лёгкай рукі паэта ўвойдуць у літаратурны ўжытак. Клышка.

•••

Прадметы шырокага ўжытку — рэчы, якія служаць для задавальнення найпершых бытавых патрэб насельніцтва.

ужы́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ужытнага.

ужы́тны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ужывальны.