Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

езуі́т, ‑а, М езуіце, м.

1. Член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», адной з самых рэакцыйных і ваяўнічых арганізацый каталіцкай царквы.

2. перан. Пра хітрага, крывадушнага чалавека, здольнага на ўсякую подласць. Пад ласкай вясёлага жартаўніка і балаболкі.. хаваўся хітры езуіт, падхалім-пралаза і крывадушны, з мізэрнай душой чалавек. Машара.

[Ад лац. формы імя Ісус — Jesus.]

езуі́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да езуіта (у 1 знач.), езуітаў. Езуіцкі касцёл. □ Косю перавялі вучыцца ў езуіцкую жаночую гімназію. Карпюк.

2. перан. Хітры, крывадушны, вераломны. [Янка Рыбалтовіч] чытаў, маліўся над магілкамі сваіх дзядоў па-лацінску, з езуіцкай лісінай пакорай хадзіў па вёсках, носячы людзям «збаўленне ад бязбожнага камунізма...» Брыль.

езуі́цтва, ‑а, н.

Хітрасць, крывадушнасць, неразборлівасць у выбары сродкаў для дасягнення мэты. — І нічога другога, апрача панскага зазнайства, няшчырасці і езуіцтва, у .. [Луцкевічу] няма. Машара.