Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гэ́та, часціца.

1. указальная. Служыць для выдзялення, падкрэслівання таго ці іншага слова ў сказе. І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Колас. Гэта Ленін навучыў, каб народ шчасліва жыў. З нар. // Паказвае на ўдакладняльны сэнс другой часткі выказвання. Адзін дуб у полі — гэта не лес. □ Службовы аўтобус імчыцца па бетаніраванай дарозе — гэта едуць у Бярозу.. будаўнікі. Дадзіёмаў.

2. узмацняльная. Служыць для ўзмацнення значэння папярэдняга займенніка, прыслоўя, часціцы ў пытальных, клічных і даданых сказах. [Альжбета:] Куды вы, родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Купала. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! А. Александровіч. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас.

•••

Гэта яшчэ (толькі) кветачкі — пра пачатак чаго‑н., звычайна непажаданага, за якім трэба чакаць яшчэ большага.

гэ́так, прысл.

Разм. Тое, што і так. [Пніцкі] гэтак захапіўся гаворкаю, што прагаварыў доўга. Чорны.

•••

І гэтак далей (скарочана: і г. д.) гл. далей.

І так, і гэтак гл. так.

гэ́такі і гэ́ткі, ‑ая, ‑ае, займ.

Разм. Тое, што і такі. Дарогу! Дарогу сустрэчнаму плану! З гэтакім лозунгам хто ж не згодзіцца? Крапіва. — Няўжо табе, Амяллян, не сорам глядзець на гэтакі двор? — пачаў ушчуваць яго Журавінка. Лобан. Душой я вольны чалавек І гэткім буду цэлы век! Купала.

гэтакса́ма, прысл.

Разм. Тое, што і таксама. Чаркашын паявіўся ў дзвярах гэтаксама, як і ў акне. Прасунуў доўгія рукі ў белых рукавах і пачаў адчыняць другую палавіну дзвярэй — была адчынена толькі адна. Пташнікаў.

гэ́ткі,

гл. гэтакі.

гэ́тулькі, Р мн. гэтулькіх, займ. і гэтулькі, прысл.

Разм. Тое, што і столькі. — Добры малы... Гадоў з пятнаццаць, мусіць? — Дзе там! — рашуча замахала рукамі Валя. — Яму гэтулькі гадоў, колькі і нашаму Міхасю. Якімовіч. [Нявада] гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно, і хто тут жыве, і хто ім уладае. Чорны.

гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка. Бядуля. У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана. М. Ткачоў.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Зарэцкі. Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. / у знач. наз. гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край. Купала. Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці. Брыль.

4. у знач. наз. гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу. Якімовіч. // Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. Лынькоў.

5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка. Крапіва. Дзіўны чалавек гэты Галілей! Зарэцкі.

6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым! Бядуля.

•••

Гэтымі днямі; на гэтых днях гл. дзень.