бе́дніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
Разм. Прыбядняцца. [Аляксей:] — А вы ведаеце, што ў гэтага самага Архіпа Мікуця, які вам пашкадаваў хлеба пакласці на стол, аж дзве ямы засыпаны збожжам.. А ён бедніцца, ведае, што старшыня сваяк — не зачэпіць. Сабаленка.
бе́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. / у знач. наз. бе́дны, ‑ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.
2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная. □ [Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.
3. Які мае недахоп у чым‑н., змяшчае ў сабе мала чаго‑н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.
4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — пакідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.
5. Танны, просты, небагаты. Вопратка па хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.
•••
Бедная галава гл. галава.
бе́дства, ‑а, н.
Вялікае няшчасце з цяжкімі вынікамі. Стыхійнае бедства. □ Шмат цяжкага адышло ў нябыт, але бедствы прыроды засталіся. Дуброўскі.
бедуі́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бедуінаў.
бедуі́ны, ‑аў; адз. бедуін, ‑а, м.; бедуінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. бедуінкі, ‑нак; ж.
Качавыя і паўкачавыя арабы-жывёлаводы.
[Араб. badawīn.]
бе́жанец, ‑нца, м.
Чалавек, які пакінуў месца свайго жыхарства з прычыны вайны або стыхійнага бедства. З заходняй стараны даходзілі сюды бежанцы, якім пашанцавала выбрацца з агню нямецкіх бамбардзіровак. Чорны.
бе́жанка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да бежанец.
бе́жанскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бежанцаў. Рыпучыя колы бежанскай фурманкі мелюць жарству дарогі, якая вядзе немаведама куды. Сабаленка.