Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бе́гма, прысл.

Абл. Бягом. І адкуль толькі спрыт узяўся ў дзеда, кінуўся ён бегма да капітанскага мосціка. Лынькоў.

•••

Бегма бегчы гл. бегчы.

бегуно́к, ‑нка, м.

Дэталь у круцільным механізме прадзільнай машыны і ў некаторых іншых машынах і прыстасаваннях.

бе́гчы, бягу, бяжыш, бяжыць; бяжым, бежыце, бягуць; незак.

1. Хутка рухацца, перамяшчацца, моцна адштурхоўваючыся ад зямлі нагамі. З перакошанымі ад страху тварамі беглі салдаты з насілкамі, з лапатамі. Лынькоў. // Імкліва накіроўвацца куды‑н., рухацца ў якім‑н. напрамку. — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. // Спяшаючыся, ісці куды‑н. Бегчы на працу. □ [Гвардыяніха:] — Ой, заседзелася я, чэснае слова... Трэба бегчы. Зарэцкі.

2. Далёка без канца цягнуцца (пра дарогу, сцежку і пад.). Сцежка ў вёску бяжыць, пятляе паміж надрэчных кустоў. Брыль. // Распасцірацца, пралягаць; мець які‑н. напрамак. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна без заганы Зялёны дол гаспадары. Колас.

3. Ліцца, цячы бесперастанным патокам. Унь там рачулка срэбрам літым Бяжыць па жолабе размытым. Колас. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорку, з хвойніку. Чорны. // Цячы цурком. За каўнер струменямі сцякае вада і бяжыць па целе. Шамякін. Слёзы беглі па [Марыліным].. схудзелым твары. Крапіва. // Выцякаць цераз край пры награванні, браджэнні. Малако бяжыць. Цеста бяжыць. // Хутка рухацца, перамяшчацца (пра хвалі, воблакі, агонь і пад.). Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, І ўсё навокала сном адвечным спіць. Багдановіч.

4. Праходзіць, працякаць (пра жыццё, час). І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Лынькоў. Прывет вам, вольныя паэты, Хай час ваш радасна бяжыць! Купала. Як аслупянелы, стары доўга стаяў на адным месцы, пакуль стаў заўважаць адзнакі таго, што жыццё бяжыць. Чорны. // перан. Наступаць, падыходзіць. Сакавік ідзе бадзёра, Побач з ім вясна бяжыць. Галіноўская.

5. Адступаць пад націскалі якой‑н. сілы (пра разбітую армію, войска і пад.).

6. Рухацца, перамяшчацца (пра машыны, паязды і пад.). Па дарогах адна за другой бягуць перагружаныя збожжам, машыны, ззаду за імі цягнуцца высокія слупы пылу. Дуброўскі.

7. Мільгаць (пра ўяўны рух прадметаў, каля якіх чалавек вельмі хутка рухаецца). Бягуць насустрач прыгарады, дачныя пасёлкі з пералескамі, усё цудоўнае Падмаскоўе з карагодамі па-дзявочаму стромкіх белых бярозак. Сяргейчык. // Хутка несціся, рухацца (пра хмары, цені і пад.). Як праходзіў паўз.. [скверык] трамвай, рухавае святло бегла па дрэвах. Чорны.

8. Пашырацца, даносіцца, далятаць (пра гукі). З клуба бяжыць на вячэрнія кварталы музыка раяля, песні і смех. Чорны. // Распаўсюджвацца, пашырацца (пра чуткі, звесткі). Па цэлым па Саюзе Бяжыць хай пераклічка: Ўраўнілаўку руйнуйце, Касуйце абязлічку! Купала.

9. перан. Узнікаць, цячы (пра думкі). Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі. Купала.

•••

Бегма (бягом) бегчы — вельмі спяшацца; не ісці, а бегчы.

Бегчы без аглядкі — вельмі хутка бегчы.

Бегчы за вачыма — не выбіраючы шляху.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, імкліва.

(Бегчы, ісці) куды вочы глядзяць — без пэўнага кірунку, не выбіраючы шляху.

(Бегчы) куды папала — без разбору, не выбіраючы месца, шляху.

Бегчы на ўсю сілу — вельмі моцна, хутка.

Бегчы як жару ўхапіўшы — як мага хутчэй, стрымгалоў.

бедава́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. бедаваць.

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

бедала́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лазе, Т ‑ай, ‑аю, ж.

Разм. Чалавек, які трапіў у бяду. Мой ложак стаяў побач, і я дапамагаў няшчаснаму бедалагу чым толькі мог. С. Александровіч. Тут [у хвасце калоны] былі адны бедалагі — зусім аслабелыя і дужа параненых. Быкаў. // Нешчаслівы, варты спачування чалавек. [Толік з маці] жылі ў падсуседзях, у зямлянцы старога Лукаша, які памёр, бедалага, у сорак чацвёртым. Мыслівец.

бедачы́на, ‑ы, м. і ж.

Разм. Тое, што і бедалага. — Загінуў бедачына, — з ноткаю жалю сказаў [лейтэнант]. Колас. Толькі з яе мужа.. [паляўнічыя] часам падсмейваліся: вось бедачына, сам і дадому не ўмее даехаць. Кірэенка.

бедла́м, ‑у, м.

Разм. Неразбярыха, шум, вэрхал. [Максім:] — Ды плюнь ты на ўсю іхнюю гаспадарку і ўвесь іх дамашні бедлам, пачні ты жыць асобна. Машара.

[Англ. bedlam.]

бе́днасць, ‑і, ж.

1. Адсутнасць або недастатковасць неабходных сродкаў для існавання; нястача. [Сіўцоў:] — Адышлі ў нябыт адвечная беднасць і галеча палешука, яго славуты «каўтун», яго бездапаможнасць у барацьбе з суровай прыродай. Краўчанка. Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане або каля дому, калі яны трапляліся. Колас.

2. Мізэрнасць, недастатковасць чаго‑н. Беднасць ідэалаў. Беднасць фантазіі.

3. Убоства, непрыгляднасць. Беднасць класнай абстаноўкі не расчаравала Любу. Васілевіч.

бедната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. зб. Бедныя людзі, беднякі. [Вераб’ёў:] — Калі бедната прагне .. [зямлі], то даць трэба. Дуброўскі. // Беднае сялянства, якое эксплуатавалі кулакі. [Лаўрыновіч:] — Бедната ў калгасе — гэта тое ядро, на якое партыя апіраецца ў калгасным будаўніцтве. Лобан.

2. Тое, што і беднасць (у 1 знач.).