Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

іржаны́ і ржаны́, ‑ая, ‑ое.

Жытні, аржаны. Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Мележ. Над спелым іржаным полем, хаваючы сонца і блакіт неба, павольна паўзла густая хмара. Мыслівец. Люблю я прыволле Шырокіх палёў, Зялёнае мора Ржаных каласоў. Колас.

іржа́ўленне і ржа́ўленне, ‑я, н.

Спец. Стан паводле знач. дзеясл. іржавець; з’яўленне ржы на паверхні чаго‑н. Іржаўленне жалеза.

іржа́ўнік і ржа́ўнік, ‑у, м.

Паразітны грыбок, які развіваецца на раслінах.

іржа́ўныя і ржа́ўныя, ‑ых.

Група паразітных грыбоў, якія развіваюцца на раслінах.

іржа́ць і ржаць, (і)ржу, (і)ржэш, (і)ржэ; незак.

1. Абзывацца ржаннем (пра каня). Дзіка ржалі коні, бегаючы з сёдламі, без ездакоў, па скалечанаму полю. Гурскі.

2. Разм. Гучна, нястрымана смяяцца; рагатаць. Клас стагнаў, вохкаў, іржаў, качаўся ад смеху на лаўках. Чарнышэвіч.

іржы́шча і ржы́шча, ‑а, н.

1. Астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа на полі. Яна скалола ў кроў Іржышчам жорсткім босенькія ногі. З. Астапенка. Заворвалася ржышча, якое не паспела яшчэ падсохнуць. Нікановіч.

2. Зжатае поле. Паабапал шашы.. цягнуліся .. палі: іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая.. кукуруза. Шамякін.

іржэ́ўнік і ржэ́ўнік, ‑а, м.

Тое, што і (і)ржышча. У ржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. Каровы спакойна наеліся каля бору на ржэўніку. Чарот.

іржэ́ўніна і ржэ́ўніна, ‑ы, ж.

Разм. Адна сцябліна збажыны на зжатым полі. Нават кожная ржэўніна па-свойму сустрэне вясну; нагрэтая — лусне. Ермаловіч.

ірла́ндзец,

гл. ірландцы.

ірла́ндка,

гл. ірландцы.