Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць шоргат, шорах, тручы, праводзячы чым‑н. па якой‑н. паверхні. Глуха шоргалі шыны легкавых машын. Асіпенка. За кухоннай занавескай недзе ў печы цяжка шоргае днішча чыгуна, і па хаце разносіцца пах варонай бульбы. Палтаран. // Разм. З шумам, шоргатам праводзіць чым‑н., рухацца па якой‑н. паверхні. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч. Каля ганка Кашалёк доўга шоргаў падэшвамі сандалетаў па металічнай рашотцы, паглядаючы на запыленыя Каціны чаравікі. Парахневіч.

2. Хадзіць, не падымаючы ног. Уперадзе мяне шоргаў ботамі па пыльнай дарозе Косця Лапушок. Даніленка. Шнапс шоргае лапцямі па зямлі, ногі заплятаюцца. Навуменка. // Зачэпліваць чым‑н. за што‑н. [Старшыня] грозна праходзіць сюды-туды паўз самых паліцаяў, ледзь не шоргае плячом па іх насах, зазірае кожнаму ў вочы. Кулакоўскі.

3. Мацаць, абмацваць рукой што‑н., шукаючы што‑н. У цёмных сенцах, перад хатнімі дзвярыма, Камека моцна стукаў аб падлогу ботамі, каб не занесці ў хату снегу, а рукой шоргаў па дзвярах, шукаў клямкі. Галавач.

4. Скрэбці, церці, удараць і пад., утвараючы шоргат, шапаценне. Увечары закруціла мяцеліца. Падняла ў паветры снежны пыл, шоргала крупчаком па платах, па сценах будынкаў, толькі б паказаць неўгамонную чортаву сваю сілу. Ермаловіч. Ільдзінкі біліся ў шыбы, шоргалі, нібы просячыся ў хату. Ваданосаў. // Перамяшчаючы, перасоўваючы што‑н. з месца на месца, утвараць шум.

5. Моцна з шумам ліць (пра дождж). Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, махалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка.

шо́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шоргаць.

шо́рка,

гл. шорцы.

шо́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шорцаў, які належыць, уласцівы ім. Шорская мова.

шо́рсткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць шорсткага. Гэтая шорсткасць [Просінай рукі] была такой прыемнай, што не хацелася выпускаць яе з сваёй рукі. Сабаленка.

шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.

2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.

шо́рты, ‑аў; адз. няма.

Штаны з кароткімі (вышэй каленяў) калошамі. Прыбраўшы посуд, Лена надзела шорты, кеды, клятчастую паўбойку і рашыла прагуляцца ўздоўж ракі, як казаў Ігар, на максімальную адлегласць. Пінчук.

[Англ. shorts.]

шо́рханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шорхаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. У празрыстай цішыні быў выразна чуваць кожны гук, і сярод іх — соннае крумканне жаб у сажалках, фырканне каня і шорханне колаў па вільготным скошаным лузе. Сіўцоў. Мокры жвір з мяккім шорханнем умінаўся пад ботамі. Хомчанка.

шо́рхат, ‑у, М ‑хаце, м.

Глухі гук, шум, шорганне ад руху, трэння, лёгкага дакранання да чаго‑н. Шорхатам апалых пачарнелых лісцяў поўніўся двор. Шыловіч. Конь тупаў ззаду — паныла і мерна, нібы ўслухоўваўся ў слабы шорхат босых хлапечых ног. Хадановіч.

шо́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і шоргаць. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Па тратуарах шорхалі мётламі прыбіральшчыцы. Броўка. Пад нагамі шорхала апаўшая лістота. Даніленка.