шорсткі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.
2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)