Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шнуро́к, ‑рка, м.

Памянш.-ласк. да шнур (у 1, 4 і 5 знач.); невялікі шнур. [Люда] стаяла ад сонца, у белай вышыванай кофтачцы, зацягнутай чырвоным шнурком, трымала ў руках зялёную галінку. Брыль. На снезе ўбачыш і вузлаваты шнурок слядкоў лісы, якая мышкавала пад ёлкамі. Машара. Набітая на вузкія шнуркі, параскіданыя па розных мясцінах, і разгароджаная межамі, зямля скупа аплачвала працу. Колас.

шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

шны́парыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Корпацца, поркацца. У бакоўцы, у каморы стары Пракоп доўга шныпарыўся. Баранавых.

2. Тое, што і шныпарыць (у 2 знач.). Натоўп гудзе, варушыцца. Шныпарацца пад нагамі дзеці. Скрыган.

шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.

2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.

•••

Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.

шны́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Тое, што і шнарыць. У наступны момант.. [немец] пачаў шнырыць па патайных кішэнях і пад падшэўкай свае адзежы. Чорны.

2. Тое, што і шныпарыць (у 2 знач.). Сярод дарослых усюды шнырылі малыя. Мележ.

шнэк, ‑а, м.

Спец. Транспарцёр, прызначаны для перамяшчэння сыпкіх, цестападобных і інш. матэрыялаў, рабочым органам якога з’яўляецца вінт.

[Ад ням. Schnecke — смоўж.]

шок, ‑у, м.

Агульнае цяжкае парушэнне функцый арганізма ў выніку моцнага фізічнага пашкоджання ці псіхічнага ўзрушэння. Налівайка быў у стане шоку: з перабітай адною нагою і другой лёгка параненай, з акрываўленым тварам, акачанелы, ён нерухома ляжаў на перавязачным пункце. Гурскі. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Шамякін.

[Фр. choc.]

шо́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шоку; выкліканы шокам. Шокавы стан.

шо́лам, ‑у, м.

Абл. Шум, крык. Гарадскі шолам, які спаткаў.. [Рыгора] на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Гартны. Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолам, бабскі гвалт. Брыль.

шо́лах, ‑у, м.

Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.