Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчаці́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і шчацінне. Толькі дзік, Адзін-адзіны, Той, з кім заяц балбатаў, Хібы ўсе прыкрыў шчацінай Ад брушыны да хрыбта. Калачынскі. Жыў у Старобіне анучнік Шмуіл. Яго ведала ўся наша акруга, а ў Арабінаўцы — кожны падлетак, бо Шмуіл за анучы, шчаціну і ўсякае іншае шмуцце даваў, акрамя мыла, дзёгцю, яшчэ і цукеркі ды мятныя пернікі. Кулакоўскі. Пятровіч толькі ўключыў электрабрытву, каб спляжыць сівую шчаціну са свайго твару, як пачуўся званок. «ЛіМ». А з перавулкаў — жандары — Коні, шаблі, хрып, крык, Плямы раз’юшаных каркаў, Шчаціна ўздыбленых пік. Лойка. Падводы ж зрабілі круг, пераехалі цераз ручай і выбраліся на грэбень узгорка, парослага густой шчацінай маладога сасонніку. Жычка.

шчацінападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму шчаціння. Шчацінападобная ігліца.

шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.

2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.

шчаці́ніцца, ‑ніцца; незак.

Падымацца ўгору, уставаць тарчма. Гэта быў стары дзед з жоўтым, як воск, тварам, на якім шчацінілася сівая няголеная барада. Арабей. // перан. Стаяць шчаціннем, нагадваць сабой шчацінне. Крыху зводдаль, ад лесу, шчацініўся малады хвойнічак. Ваданосаў. На мурожных грудах чарнеў пасохлы дзяцельнік і малачайнік, шчацініўся рэдкі сівец. С. Александровіч. // перан. Быць пакрытым чым‑н. калючым, што нагадвае сабой шчацінне. Палеткі шчацініліся калючым іржэўнікам. Дудо.

шчаці́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Падымаць угору, натапырваць поўсць, шчацінне і пад. Воўк шчацініць поўсць. // перан. Ставіць тарчма што‑н., рабіць што‑н. падобным на шчацінне. Вецер на страсе шчацініць салому.

шчаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да шчацінне, шчаціна. Наставіўшы рэдкую шчацінку хібкоў, .. [парасяты] заядла наскоквалі адзін па аднаго. Самуйлёнак. Сталеў, мужнеў Юзік. Прабілася нарэшце і рэдкая мяккая шчацінка на ягонай барадзе. Хадановіч.

2. Разм. Адзін кароткі жорсткі валасок. На .. шыракаватым бялявым твары таксама месцамі тырчалі шчацінкі: дзе пучкамі, дзе па адной. Кулакоўскі.

3. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У батаніцы — жорсткія валасні на паверхні сцябла і лісцяў раслін.

4. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У заалогіі — рухомыя вырасты ў членістаногіх, што служаць органамі дотыку.

шчаці́нне, ‑я, н., зб.

Жорсткая і кароткая шэрсць у некаторых жывёл. Увесь.. [дзік] пакрыты густым і цёмным, амаль чорным шчаціннем. В. Вольскі. // Такая шэрсць, якая з’яўляецца сыравінай для прамысловасці і ідзе на выраб шчотак, пэндзляў і пад. [Цётка:] Адзін ездзіць косткі збірае, другі — шчацінне, трэці — шкуркі кратовыя. Жычка. // Разм. Валасы на твары чалавека. Дзямід Сыч здзіўлена паглядзеў на зарослы чорным шчаціннем неахайны твар Песенькі і адразу памякчэў. Паслядовіч. // перан. Разм. Пра што‑н. жорсткае, калючае. З пустазелля, з густога шчаціння хмызнякоў як бы ішоў голас палёў — жывы дакор чалавеку. Хадкевіч.

шчаці́ннік, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца апрацоўкай шчаціння і вырабамі з яго.

шчо́драсць, ‑і, ж.

Уласцівасць шчодрага. То з усёй сваёй сціплай шчодрасцю, то цьмяна, праз хмарку месяц ліў сваё святло на зямлю. Кулакоўскі. Ён [Глебка] захапляўся краем родным, Як сейбіт шчодрасцю палёў. Прыходзька.

шчо́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.

2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.

3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.

•••

Шчодрай рукой — не шкадуючы.