шчо́лак, ‑у, м.
Абл. Луг 2. Перад самым захадам сонца Лукер’я перацерла ў шчолаку бялізну і, ускінуўшы мокрыя жмуты на плечы, пайшла да ручая. Стаховіч.
шчо́лач, ‑ы, ж.
Спец. Растворанае ў вадзе рэчыва, якое ўтвараецца пры злучэнні солі з кіслатой. Едкая шчолач.
шчо́лачнасць, ‑і, ж.
Спец. Ступень насычанасці чаго‑н. шчолаччу. Шчолачнасць глебы. Шчолачнасць раствору.
шчо́лачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае ў сваім саставе шчолач. Шчолачны раствор. Шчолачныя злучэнні. Шчолачная рэакцыя.
2. Спец. Які ўтварае шчолач. Шчолачныя металы. Шчолачныя горныя пароды.
3. Спец. Які дзейнічае з дапамогай шчолачы. Шчолачны акумулятар. Шчолачная ачыстка.
шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.
Разм.
1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.
2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.
шчо́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да шчотка (у 1 знач.); невялікая шчотка. Шчотачка для ногцяў. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас.
шчо́тачнік, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца вырабам шчотак (у 1, 3 знач.). Не, Аляксандр Іванавіч працаваў — займаў пасаду старшыні арцелі шчотачнікаў. Пестрак.
шчо́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шчоткі (у 1 знач.), вытворчасці шчотак. У маі — чэрвені 1917 года баставалі рабочыя-металісты і рабочыя лесапільных заводаў, шчотачных і шчацінных фабрык Мінска і яго ваколіц. «Полымя». // Які мае ў сваёй канструкцыі шчоткі, забяспечаны шчоткамі. Шчотачная машына.
шчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для чысткі, змятання і пад. у выглядзе драўлянай ці пластмасавай калодачкі з густа пасаджаныя на яе шчаціннем ці іншым матэрыялам. Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. — Ты зноў маёй шчоткай зубы чысціла? — нахмурыўся Пятрусь. Даніленка. [Казік:] — Узяў я шчотку ды мяту паціху. Чарнышэвіч. // перан. Пра што — н., што нагадвае шчотку. Дружна выбівалася з чорнай раллі густая шчотка яшчэ ружовай ярыны. Васілевіч. [Натура:] (правёўшы рукой па густой шчотцы барады). Якая там барада. Першы пушок паказаўся. Крапіва.
2. Частка нагі над капытом каня і пучок валасоў на гэтым месцы.
3. У электратэхніцы — калодка з медзі, графіту і пад., якая датыкаецца да калектара, якара электрамашыны і служыць для перадачы току. — І статар, і ротар, і шчоткі зусім спраўныя. Якімовіч. [Сымонка:] — Шчоткі трэба праверыць. Можа, яны слаба прылягаюць да вала якара? Гамолка.
4. У мінералогіі — сукупнасць крышталяў, якія панарасталі на народу шчыльна адзін да аднаго. Аметыставая шчотка.
шчоткатрыма́льнік, ‑а, м.
Спец. Прылада для замацоўвання шчотак (у 3 знач.).