Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчарбі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да шчарбіна. Усміхаўся.. [бацька] дзіўна, каб шчарбінка, што была ад выбітага ў дзяцінстве зуба, не кожнаму відна была. Сачанка. Камень нагрэўся на сонцы. У шчарбінках на ім рос мяккі.. мох. Даніленка.

шчарбі́цца, шчэрбіцца; незак.

Зал. да шчарбіць.

шчарбі́ць, шчарблю, шчэрбіш, шчарбіць; незак., што.

Рабіць зазубрыны, шчарбіны на чым‑н. Іх [мячы] крыжаносцы на Русі шчарбілі, — З рук выбітыя, засталіся каля вежы. Лойка.

шчаслі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць шчаслівага. Нейкі зачатак трывогі і непакою пачаў выцясняць з адчування кароткую.. [Іванаву] шчаслівасць. Быкаў. Шчаслівасці яснай узойдуць праменні, Аквеціцца доляю лепшай зямля. Купала.

шчаслі́вец, ‑ліўца, м.

Шчаслівы чалавек; той, каму шанцуе. Мы не тыя шчасліўцы, якім давялося чуць жывы голас Ільіча, бачыць светлы бляск яго вачэй. Лойка. На гэты раз некаторыя шчасліўцы знайшлі нават птушынае гняздо з яечкамі ды злавілі крата. Маўр. Хто ён, шчаслівец, якога пакахала такая дзяўчына? Ваданосаў.

шчаслі́віцца, ‑віцца; безас. незак.

Тое, што і шчаслівіць (у 2 знач.).

шчаслі́віць, ‑віць; незак.

Разм.

1. каго-што. Рабіць шчаслівым каго‑, што‑н. Але Раю шчаслівіць і расставанне. Яна ж сама сказала Барысу, каб ён ішоў у партызаны, сама сказала, што застанецца з яго маткаю. Арабей.

2. безас. Шанцаваць. — Калі б гэта я адзін, а то з дружбакамі на балоце быў, — выкручваўся Даніла Сямёнавіч. — Хлопцам зноў не шчаслівіла [на качкі], дык падзяліўся. Аношкін.

шчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому дадзена шчасце (у 1 знач.), які мае, адчувае шчасце, радасць, захапленне ад каго‑, чаго‑н. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. / у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. А гадзіннік? Шчаслівы яго Кіне так, без увагі, Бо заўсёды ад шчасця свайго Ён п’яны, як ад брагі. Куляшоў. // Прасякнуты шчасцем, поўны шчасця. Віхураю закалыханы, Шчаслівыя сніў [Баракаў] ужо сны... Куляшоў. Поўніць гоман, спеў шчаслівы Сёлы, гарады. Колас. // Які выражае сабой шчасце, радасць; выкліканы шчасцем, радасцю. Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Зарэцкі. — Няўжо праўда? — гледзячы на Любу шчаслівымі вачыма, не паверыў.. [Хадкевіч]. Васілевіч.

2. Які прыносіць, дае радасць, шчасце, дабрабыт і пад.; напоўнены шчасцем, радасцю. [Аўдоцця:] Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі. Крапіва. Мой родны Мінск, Табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс. Прыходзька.

3. Якому шанцуе, спрыяе шчасце, удача. — Ага, і праўда. Шчаслівы ты, Вадзім. За накрыты стол трапіў. Паўлаў. — Іншая справа — табе: ты кучаравы, а кучаравыя — шчаслівыя. Машара. // у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. Той, каму заўсёды спадарожнічае ўдача.

4. Які прыносіць, прынёс шчасце, радасць, удачу. Шчаслівы білет. □ Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. Лынькоў. Міны, якія паставіла.. Цюленева, былі шчаслівымі: на іх падарваліся два воінскія эшалоны. «Маладосць». // Удачны, паспяховы. Дружнай працы плён шчаслівы Наўсцяж шуміць сцяной... Броўка. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. // Зручны, добры, удалы. — Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Зарэцкі. Падвярнуўся шчаслівы выпадак — у школу спатрэбіўся фізрук. Парахневіч.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Шчаслівай дарогі! гл. дарога.

шчаслі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Жан. да шчаслівец.

шчаслі́ўчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і шчаслівец. Але толькі нямногім шчасліўчыкам удаецца папасці ў гэтыя школы, пераважная ж большасць маладых людзей застаецца па-за парогам школы. Колас.