Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

шку́ра, ‑ы, ж.

1. Скура з поўсцю, знешняе покрыва цела жывёл. На жывым мядзведзі шнуры не купляй. З нар. // Скура з поўсцю, знятая з забітай жывёлы. На нарах, на ласінай шкуры, Ляжым — прывал апошні ў нас — І доўга, сцішаныя, курым. Кусянкоў. Рабіў.. [Булка] ў раёне ў ларку — прымаў шкуры. Пташнікаў.

2. (звычайна са словамі «свая», «уласная»). перан. Разм. Пра жыццё, існаванне, стан чалавека (звычайна ў складзе некаторых устойлівых словазлучэнняў). [У атрадзе] пачыналі ўжо думаць, што .. [Грыцко] пакарыстаўся спадарожнай машынай, каб выратаваць сваю шкуру, уцячы. Скрыган.

3. Разм. лаянк. Пра подлага, нізкага чалавека, які вызначаецца адмоўнымі якасцямі. [Праваднікі:] — А казачкі, гэта — уласаўцы, прадажныя шкуры. Так іх тут народ ахрысціў. Няхай. — Хацеў прымазацца, шкура, — зноў не стрымаў невысокі. Дамашэвіч. — Ацерабілі, чэрці, некаму ўвесь агарод, — не то з радасцю, не то з папрокам сустрэў нас Тарасюк. — Нічога, жыў будзе па гэтай шкодзе, — адказаў Гардзіенка. — Калі добры чалавек, то прабачыць галодным палонным. А калі якая шкура, то так яму і трэба. С. Александровіч.

•••

Воўк у авечай шкуры гл. воўк.

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) гл. драць.

Злупіць (садраць) шкуру (дзве шкуры, сем шкур) гл. злупіць.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) гл. спусціць.

шкурадзёр, ‑а, м.

Разм.

1. Рабочы бойні, які здзірае шкуры з забітых жывёл. Ды такіх коней я і дарэмна не ўзяў бы. Гэта былі недабойкі, ад якіх, відаць, і шкурадзёры адракліся. Якімовіч.

2. перан. Пра скнарнага гандляра, спекулянта, кулака і пад.; жывадзёр. [Галя:] — За хамуты будзе старацца спагнаць [Чапялевіч]. А каб жа працы той. Ну і шкурадзёр. Ермаловіч.

шку́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да шкура (у 1 знач.).

2. Спец. Цвёрдая папера ці тканіна з нанесеным на яе слоем абразіўнага матэрыялу, якая прымяняецца для апрацоўкі (зачысткі, шліфавання і пад.) паверхні якіх‑н. вырабаў.

•••

Шкурка вырабу не варта — не варта рабіць, займацца чым‑н., брацца за што‑н.; пра тое, ад чаго няма ніякай карысці.

шку́рнік, ‑а, м.

1. Уст. Гандляр шкурамі.

2. Разм. пагард. Пра чалавека, які жыве толькі ўласнымі інтарэсамі, клапоціцца толькі пра асабістую выгаду. [Салавей:] — Адступаюць толькі баязліўцы і шкурнікі, а дзе не хапае сілы, там выручае хітрасць і смеласць. Грахоўскі. З ракетніцы страляе Лазняк у салдата свайго разліку Задарожнага, бо ён аказаўся шкурнікам і дэзерцірам. Дзюбайла.

шку́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы шкурніку (у 2 знач.). Шкурніцкі падыход да жыцця. □ А можа справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Быкаў.

шку́рніцтва, ‑а, н.

Разм. Дзеянні, паводзіны, учынкі шкурніка (у 2 знач.). Дарогу даць таму, Што чэсна і здарова, А з гніллю, шкурніцтвам Расправіцца сурова!.. Колас.

шку́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. пагард. Быць шкурнікам, дзейнічаць у адпаведнасці з меркаваннямі шкурніка.

шку́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які мае адносіны да шкуры (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай ці продажам шнур. Шкурныя абрэзкі.

2. Разм. Звязаны з клопатамі толькі пра асабістыя выгады, інтарэсы. [Шохан:] — Я думаў, Мудрык — Гамлет.. А ў яго шкурная праўда. Нават не эгаіст ён. Эгацэнтрыст... Навуменка.

шлагба́ум, ‑а, м.

Рухомая перакладзіна для адкрывання і закрывання шляху на заставах, чыгуначных пераездах, дарогах і пад. — Паравоз выдумаў Стэфенсон, — пазіраючы ў неба, паведамляў Хведзька, калі праз закрыты шлагбаумамі пераезд грукаў таварны састаў. Навуменка. Канец гэтай новай вуліцы ўпіраецца ў гарадскую заставу з паласатым шлагбаумам і такой жа паласатай будкай, ля якой стаіць вартавы. В. Вольскі.

[Ням. Schlagbaum.]

шлак, ‑у, м.

1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь. «Беларусь». [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў. // перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.

2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю. Ставер. Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю. Ус.

3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.

4. звычайна мн. (шла́кі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).

[Ням. Schlacke.]