Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шлакабето́н, ‑у, м.

Лёгкі бетон, прыгатаваны з сумесі цэменту, шлаку і пяску. Зарэчча раскінулася абапал бальшака добрымі пяцісценнікамі і белымі домікамі са шлакабетону. Хадкевіч.

шлакабето́нны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены са шлакабетону. Пачалося будаўніцтва новых, шлакабетонных кароўнікаў і свінарнікаў. Дуброўскі.

шлакабло́к, ‑у, м.

Будаўнічы матэрыял кубічнай формы, які вырабляецца са шлаку з прымессю цэменту.

шлакабло́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шлакаблоку, шлакаблокаў. Шлакаблочны завод. // Зроблены са шлакаблокаў. Шлакаблочны будынак.

шлакава́цца, ‑куецца; незак.

1. Ператварацца ў шлак.

2. Пакрывацца, засорвацца шлакам.

шлакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

1. Пакрываць, засорваць шлакам.

2. Ачышчаць ад шлаку.

шлакаві́к, ‑а, м.

Спец. Спецыяльная камера ў ніжняй частцы мартэнаўскай печы, куды пры плаўцы руды збіраецца пыл і дробныя часцінкі шлаку.

шла́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шлаку. Вецер, пыл, шлакавы смурод адразу закружылі.. [Піліпа], панеслі ў бездань. Лупсякоў. // Прызначаны для шлаку. Шлакавы коўш. Шлакавая нанава.

2. Зроблены са шлаку, з дабаўкай шлаку. Шлакавая цэгла.

шлам, ‑у, м.

Спец.

1. Асадак пры электролізе некаторых металаў, у якім ёсць звычайна высакародныя металы.

2. Глеісты асадак каменнага вугалю ці руды пры мокрым абагачэнні.

3. Нерастваральныя ў вадзе злучэнні, якія асядаюць у паравых катлах у выглядзе глею ці цвёрдых кавалкаў.

4. Асадак у выглядзе дробных цвёрдых часціц, які выдзяляецца пры адстойванні, фільтраванні вады.

[Ням. Schlamm — глей, гразь.]

шла́мавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да шламу.