шлак, ‑у, м.

1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь. «Беларусь». [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў. // перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.

2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю. Ставер. Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю. Ус.

3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.

4. звычайна мн. (шлакі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).

[Ням. Schlacke.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)