Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

труся́ціна, ‑ы, ж.

Мяса труса. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка.

трут, ‑у, М труце, м.

Высушаная губа, якая выкарыстоўваецца пры высяканні агню. Казачэнка б’е крэсівам па крэм[ені], высякаючы іскру, раздзьмухвае трут, каб прыпаліць люльку. Навуменка.

трутаві́к, ‑а, м.

Грыб, які паразітуе на дрэвах.

тру́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да труту.

тру́тневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трутня. Трутневая ячэйка.

трутнёўка, ‑і, ДМ ‑нёўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Рабочая пчала, што адкладвае яйцы, з якіх развіваюцца трутні.

тру́фель, ‑я, м.

1. Клубнепадобны падземны грыб, які не расчляняецца на шапачку і ножку; выкарыстоўваецца як прыправа да стравы.

2. толькі мн. (тру́фелі, ‑яў). Назва шакаладных цукерак, якія сваёй формай падобны на гэты грыб.

[Ням. Trüffel.]

тру́фельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да труфеля. // Прыгатаваны з труфеля. Труфельны соус.

трух, ‑у, м.

Разм.

1. Павольная рысь. Конь адразу разумее .. [Сашу] — запавольвае ход, з галопу пераходзіць на трух. Дамашэвіч.

2. у знач. прысл. тру́хам. Трушком, подбегам. Лёгкім трухам панесліся коні назад па дарозе. Лынькоў.

труха́, ‑і, ДМ труса, ж.

Разм. Перацёртае сена, салома і пад.; пацяруха. Шашура злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху. Мележ. // Дробныя сухія рэшткі чаго‑н. наогул (паперы і пад.). Недасушаны торф траціць свае высокія паліўныя якасці, а пад дзеяннем марозу і зусім разбураецца, ператвараецца ў труху. «Беларусь». // перан. Што‑н. нікчэмнае, якое не мае карысці. Хто ж рые ямы на шляху, у пыл паваліцца той ніцма, і ператруць яго ў труху пуцін далёкіх навальніцы. Дудар.