Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тракто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. трактаваць і трактавацца.

трал, ‑а, м.

1. Вялікая сетка для лоўлі рыбы з суднаў.

2. Гідраграфічная прылада для даследавання паверхні марскога дна, яго флоры і фауны.

3. Прыстасаванне для выяўлення і знішчэння мін.

[Англ. trawl.]

тра́лавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трала (у 1 знач.). Тралавы трос. // Які выконваецца тралам. Тралавая лоўля. // Забяспечаны тралам; які займаецца траленнем. Тралавае судна.

2. Які мае адносіны да тральшчыка; прызначаны для тральшчыкаў (у 1, 3 знач.). Тралавы флот. Тралавая база.

трале́й, ‑я, м.

Ролікавы токапрыёмнік электрычнага транспарту (тралейбуса, трамвая і пад.). // Кантактны провад, які ажыццяўляе забеспячэнне энергіяй электрарухавіка цераз ролікавы токапрыёмнік.

[Англ. trolley.]

трале́йбус, ‑а, м.

Шматмесная пасажырская машына, што ездзіць па бязрэйкавай дарозе і мае электрычны рухавік, які атрымлівае энергію ад двух правадоў.

[Англ. trolleybus.]

трале́йбусны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тралейбуса. Тралейбусны прыпынак. Тралейбусная лінія. Тралейбусны парк.

тралейво́з, ‑а, м.

Грузавая аўтамашына з электрарухавіком, які атрымлівае ток ад падвесных правадоў тралейбуснай сеткі.

трале́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тралея, ажыццяўляецца пры дапамозе тралея. Тралейны транспарт.

тра́ленне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. траліць.

тра́лер, ‑а, м.

Тое, што і траўлер, тральшчык (у 1 знач.).

[Англ. trawler.]