безвыхо́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць безвыходнага, адсутнасць выхаду. Фінал паэмы, у якім пераадольвалася гэта трагічная безвыходнасць.. быў.. звязаны з ідэйна-палітычным ростам мастака. Бугаёў.
безвыхо́дны, ‑ая, ‑ае.
Пра становішча, з якога няма выхаду. Вася Крайко ў безвыходным становішчы застаўся ў лесе, акружаны фашыстамі. Дзюбайла. // Вельмі цяжкі, безнадзейны. Безвыходныя думкі. Безвыходная журба.
безгало́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае галавы; пазбаўлены галавы.
2. перан. Пра чалавека з невялікімі разумовымі здольнасцямі. Вось сапраўды, Калі хто безгаловы, Таго не выратуе ад бяды І мудрае, ад сэрца слова. Валасевіч. // Няўважлівы, рассеяны.
безгало́ссе, ‑я, н.
Адсутнасць гукаў, цішыня. І бацька твой пайшоў на дно. І човен згніў, згнілі і вёслы: і берагоў маіх радно яго адпела безгалоссем. Дудар. Пустэча, глухасць, безгалоссе. Нічога больш не засталося З таго, чым жыў, што так бярог. Колас.
безгало́сы, ‑ая, ‑ае.
1. З дрэнным, слабым голасам. Безгалосы спявак. // Які страціў голас. Безгалосы чалавек.
2. Уст. Які не мае права голасу. [Настаўнік:] — Гласныя ад сялян у земстве, па сутнасці, зусім безгалосыя, там галасоў больш дваранскіх, чым сялянскіх. Галавач.
3. Маўклівы, ненапоўнены гукамі. Ад.. мокрага снегу было непрытульна на вуліцы, сумнай і безгалосай. Лынькоў.
безгало́ўе, ‑я, н.
1. Пра адсутнасць добрага кіраўніцтва, разумнай галавы. [Сяргей:] — І ты, Макар, пра гэта падумай. Не век жа табе звекаваць у гэтым безгалоўі. Сабаленка.
2. Абл. Пра вельмі дрэннае надвор’е (завіруху, дождж, буру). У такое безгалоўе ні кажух, ні валёнкі не ўпасуць. Ваўкі і тыя ідуць з лесу бліжэй да будыніны. Пташнікаў.
безгаспада́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць безгаспадарлівага; няздольнасць умела і эканомна кіраваць гаспадаркай. Вось яму [старшыні суседняга калгаса] «Сокала» пасылаць не варта: абавязкова папракне ў фанабэрстве, у безгаспадарлівасці.. бо сам ён гаспадар эканомны і сціплы. Шамякін.
безгаспада́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўмее разумна і эканомна жыць, весці сваю гаспадарку. // Неэканомны, нерацыянальны.
безгаспада́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць безгаспадарнага (у 2 знач.).
безгаспада́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае гаспадара, які нікому не належыць. Безгаспадарная маёмасць.
2. Тое, што і безгаспадарлівы.