Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

хі́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Слабы, хваравіты. [Дачка:] — Калі ты ўжо нядужы і хілы, Калі ў сэрцы няма болей сілы, Дык я заўтра сама завяду Гадаванку маю ў чараду. Глебка. // Які дрэнна расце, чахлы. Такое высокае і сакавітае конскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. // перан. Стары, трухлявы. Два хляўцы з паветкамі, хілы плот панік. Машара.

хім...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «хімічны», напрыклад: хімкамбінат, хімсыравіна, хімчыстка.

хіме́ра, ‑ы, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — пачвара, якая дыхае агнём, з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона. // У сярэдневяковым мастацтве — скульптурны відарыс фантастычных істот, якія ўвасаблялі цёмныя сілы, заганы і з’яўляліся часткай скульптурнага аздаблення гатычных сабораў.

2. Кніжн. Неажыццявімая мара; мудрагелістая фантазія.

3. Марская рыба сямейства хімеравых, падобная на акулу, з цыліндрычным тулавам, доўгім хвастом і вялікімі плаўнікамі.

4. Спец. Арганізм, які складаецца з генетычна неаднародных тканак.

[Грэч. chimaira.]

хімеры́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць хімерычнага; неажыццявімасць, фантастычнасць. Хімерычнасць планаў.

хімеры́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які з’яўляецца хімерай (у 2 знач.); неажыццявімы, фантастычны. Падобныя думкі прыходзілі і Васілю Пятровічу. Ды здаваліся яны хімерычнымі. Карпаў.

хімізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад хімізаваць.

хімізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да хімізаваць.

хімізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Укараніць (укараняць) дасягненні хіміі і хімічных метадаў апрацоўкі рэчываў у тэхніцы, прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Хімізаваць сельскую гаспадарку. // Падвяргаць хімізацыі. Хімізаваць глебу.

хіміза́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца хімізацыяй.