хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.
1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.
2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.
3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.
4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.
5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.
6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.
•••
Куды вецер хіліць гл. вецер.