фразеалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фразеалогіі. Фразеалагічныя даследаванні.
2. Які з’яўляецца фразеалагізмам. Фразеалагічны зварот. // Які змяшчае ў сабе фразеалагізмы. Фразеалагічны слоўнік.
•••
Фразеалагічныя адзінствы — устойлівыя звароты, цэласнае значэнне якіх у пэўнай ступені матывавана асобнымі значэннямі слоў, што ўваходзяць у склад такіх зваротаў, напрыклад: «першы блін комам», «трымаць камень за пазухай».
Фразеалагічныя выразы — устойлівыя, семантычна непераасэнсаваныя звароты, якія складаюцца цалкам з слоў са свабоднымі значэннямі; да іх адносяцца прыказкі, прымаўкі, выслоўі, крылатыя словы, а таксама ўстойлівыя словазлучэнні намінатыўнага характару, напрыклад: «прыхільнікі міру», «сацыялістычнае спаборніцтва».
Фразеалагічныя зрашчэнні гл. зрашчэнне.
Фразеалагічныя спалучэнні — устойлівыя звароты, у склад якіх уваходзяць словы як з фразеалагічна звязаным, так і з свабодным значэннямі, пры гэтым цэласнае значэнне такіх спалучэнняў вынікае са значэння асобных слоў, напрыклад: «закляты вораг», «расквасіць нос».
фразеало́гія, ‑і, ж.
1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічны састаў мовы.
2. Сукупнасць устойлівых зваротаў і выразаў, уласцівых якой‑н. мове. Фразеалогія беларускай мовы. // Устойлівыя звароты ў мове асобнага твора, пісьменніка, грамадскай групоўкі, пэўнага перыяду. У асобных выпадках перакладчык захаваў фразеалогію арыгінала. Палітыка. Мова сялян старэйшага пакалення.. характарызуецца народнай вобразнасцю, бытавым каларытам, сялянскай лексікай і фразеалогіяй. Дзюбайла.
3. Прыгожыя, напышлівыя выразы, фразы; фразёрства. Пустая фразеалогія.
[Ад грэч. phrásis — выраз і lógos — вучэнне.]
фразёр, ‑а, м.
Чалавек, які любіць гаварыць напышлівыя фразы (у 2 знач.). Кідала — гэта фразёр, няшчыры чалавек, яму абы паказаць сябе, абы высунуцца наперад. Кучар.
фразёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да фразёр.
фразёрскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фразёра, фразёрства; уласцівы фразёру. Фразёрскае выступленне.
фразёрства, ‑а, н.
Схільнасць да прыгожых і гучных, але пустых фраз; пустаслоўе.
фразёрстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Гаварыць прыгожымі напышлівымі фразамі; займацца пустаслоўем.
фразі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад фразіраваць.
фразі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Выдзяляць у вымаўленні або пры выкананні выразныя месцы фраз.
[Фр. phraser.]
фразіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фразіраваць.