Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

фотарэпарцёр, ‑а, м.

Фатограф, які займаецца фотарэпартажам. Фотарэпарцёры паспелі шчоўкнуць сваімі апаратамі. Кавалёў.

фотарэпарцёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фотарэпарцёра.

фотарэпраду́кцыя, ‑і, ж.

Узноўлены фатаграфічным спосабам відарыс плоскаснага арыгінала: малюнка, чарцяжа і пад.

фотасі́нтэз, ‑у, м.

Працэс утварэння зялёнымі раслінамі арганічнага рэчыва з вуглякіслага газу і вады пры дапамозе светлавой энергіі, якая паглынаецца хларафілам.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло і synthesis — спалучэнне.]

фотасінтэты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фотасінтэзу, звязаны з ім. Фотасінтэтычны апарат расліны.

фотаскульпту́ра, ‑ы, ж.

Скульптура, выкананая паводле фатаграфічных здымкаў, якія паказваюць прадмет з розных бакоў.

фотаста́т, ‑а, М ‑стане, м.

Спец. Аўтаматычны апарат для капіравання дакументаў, малюнкаў, чарцяжоў, тэкстаў і пад. фатаграфічным спосабам.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло і statos — нерухомы.]

фотасфе́ра, ‑ы, ж.

У астраноміі — ніжні слой сонечнай атмасферы, які ўтварае бачную паверхню Сонца.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло і sphaira — шар.]

фотата́ксіс, ‑у, м.

Спец. Рухальная рэакцыя раслінных і прасцейшых жывёльных арганізмаў у адказ на дзеянне святла.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло і táxis — размяшчэнне.]

фотатапагра́фія, ‑і, ж.

Спосаб стварэння тапаграфічных карт на аснове апрацоўкі фотаздымкаў мясцовасці.