разгаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разгарадзіць.
разгаро́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разгарадзіцца.
2. Зал. да разгароджваць.
разгаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разгарадзіць.
разгаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разгароджанае месца ў плоце, праход. [Настаўнік:] — Залажу пайду разгародку ў плоце, баюся, каб гусі капусты не папсавалі. Чорны.
разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.
2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.
3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.
4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.
5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.
разгасці́цца, ‑гашчуся, ‑госцішся, ‑госціцца; зак.
Разм. Вельмі доўга прабыць у гасцях, загасціцца.
разга́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З расстаўленымі ў бакі галінамі, развілінамі; разгалісты. У парку крычалі галкі, іх ганяла вясновым, яшчэ халодным ветрам з аднаго разгатага клёна на другі. Пташнікаў.
разга́ўкацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга гаўкаць. Апоўначы, аднойчы, на дварэ Разгаўкалася Шаўка, Ды так жа ўзялася гаўкаць, Што аж мароз па скуры ўсіх дзярэ. Корбан.
разгаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да разгавецца.
разга́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Развіліна, рагуліна. А падпорка была дубовая. Знайшоў дзядзька Марцін гэтую разгаціну, вілаватую дубовую. Колас.