разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.

2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.

3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.

4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.

5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)