упарадко́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да упарадкавацца.
2. Зал. да упарадкоўваць.
упарадко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упарадкаваць.
упа́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упарыць.
2. у знач. прым. Прыведзены ў стан гатоўнасці пры дапамозе пары. Тым часам гаспадыня дастала з печы чыгунец добра ўпаранай бульбы.., унесла з пограба [а]гуркоў і паставіла ўсё гэта на стол. Сабаленка.
3. у знач. прым. Які ўпарыўся, спацеў ад цяжкай працы. // Узмылены.
упа́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да упарыцца.
упа́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упарыць.
упа́ртасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць упартага (у 1 знач.). Упартасць старшыні, яго спакойная настойлівасць і бязлітаснасць да гультаёў натхнялі.. [калгаснікаў]. Шамякін. Камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс. Машэраў. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай упартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны.
2. Незгаворлівасць, імкненне рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. [Барташэвіч] хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за нейкага там глупства, з-за ўпартасці пасварыўся з адзіным блізкім.. і дарагім чалавекам у Вільні. Карпюк. / у вобразным ужыв. Тры дні з упартасцю тупою Ліў дождж на лес і сенажаць. Панчанка.
упа́рты, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі настойлівы, паслядоўны ў ажыццяўленні чаго‑н. Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка. Будзь упарты і смелы ў жыцці, Перашкоды знішчай — не здавайся, За маланкаю ў неба ляці, А зямлі сваёй роднай трымайся. Хведаровіч. // Які ажыццяўляецца цвёрда і паслядоўна, з вялікай вытрымкай, стойкасцю. [Нэля] прачытала .. [словы]: «Моцная сіла волі — гэта вынік упартай трэніроўкі, упартай працы над самім сабою». Лупсякоў. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі. Міру хацелі мы, міру жадалі, Працаю ўпартай мы мір бераглі. Астрэйка.
2. Незгаворлівы, які імкнецца рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. Маці пачала адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч. Юра гарачы, упарты. Часамі выкідвае такія «конікі», што пасля і сам не рад. Бяганская. — Ат, — махнуў.. [дзед] рукой. — І навошта гэта, не ведаю, быць такім упартым, як баран. Брыль. // Які дрэнна паддаецца прыручэнню (пра жывёл). З гадзіну біўся старшыня, Ніяк не мог злавіць упартага каня, — Уцякае ад яго Буланы. Корбан. // Які выражае ўпартасць. Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. Мележ. // Які не прычэсваецца (пра валасы). Яўстрат сядзеў далёка ад вогнішча, на мяккіх грывах белага сіўцу — шчуплы, далёка ўжо не малады, без шапкі, хоць і ў ватоўцы, з упартым рыжым ёршыкам — і мудраваў над кашом. Ракітны.
3. перан. Зацяжны, непрымірымы. Будзе бой цяжкі і ўпарты, Але час адбыцца бою. Кірэенка. Перакіпеў упарты, жорсткі На вуліцах берлінскіх бой. Прануза. // Настойлівы, няспынны. Сярод насельнікаў гета ішла ўпартая чутка, што немцы ўзводзяць наўкола горада ўмацаваны. Мікуліч.
упа́рціцца, ‑рчуся, ‑рцішся, ‑рціцца; незак.
Праяўляць упартасць, быць упартым. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч. Цяпер не толькі моладзь, але і старыя бавяць свой вольны час у палацы культуры. Адна Зося ўпарцілася. Дуброўскі.
упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.
2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. — А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.
упа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Парачы, згатаваць, давесці да патрэбнага стану. Упарыць рэпу.
2. Увагнаць у пот цяжкай, напружанай працай; стаміць. // Узмыліць. Упарыць каня хуткай яздой.