ужыўле́нне, ‑я, н.
Увядзенне іншароднага цела ў жывую тканку для прыжыўлення ў ёй. Ужыўленне электродаў у мозг.
ужыўля́цца, ‑яецца; незак.
Падвяргацца ўжыўленню.
ужыўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да ужывіць.
ужы́ўчывы, ‑ая, ‑ае.
Які ўмее ўжывацца, мірна жыць, ладзіць з другімі людзьмі. Ужыўчывы чалавек. □ Але калі людзі трапляюць ужыўчывыя, аднолькавых поглядаў, яны робяцца сапраўды блізкімі і шчырымі таварышамі. Машара. // Уласцівы такому чалавеку. Ужыўчывы характар.
ужы́цца, ужывуся, ужывешся, ужывецца; ужывёмся, ужывяцеся; зак.
1. Наладзіць сумеснае згоднае жыццё; зжыцца з кім‑н. — А мае развяліся, — сказала .. [Куліна] праз момант і паківала галавою. — Не ўжыліся. Чыгрынаў. Ужо месяц, як пакінула [гаспадароў] работніца — не ўжылася з Фядорай Антонаўнай. Пестрак. // перан. Спалучыцца, пачаць суіснаваць, узаемадзейнічаць. Хіба могуць ужыцца ў адным сэрцы нянавісць і каханне? Каваль.
2. Прывыкнуць да жыцця дзе‑н., у якіх‑н. умовах; звыкнуцца з чым‑н.; прыжыцца. Кірылу дзівіла толькі адно: як жа можна, каб з такім характарам і з такімі рукамі нельга было ўжыцца на адным месцы? Скрыган.
3. Глыбока асэнсаваць, пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Настаўнік:] — Трэба ўжыцца ў вобраз героя, бачыць яго перад сабою. Пальчэўскі. Да артыстаў маладых Не адразу ўдача прыйдзе: Цяжка ўжыцца ў ролі тых, Каго людзі ненавідзяць. Свірка.
ужы́ць 1, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак. (пераважна з адмоўем «не»).
Змагчы жыць, пражыць дзе‑н., з кім‑н.; ужыцца. Там ніхто не ўжыве. □ [Соня:] — З табою ні адна не ўжыве, ні адна не зразумее... Сачанка.
ужы́ць 2, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак., што.
1. Прымяніць што‑н. для чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Ужыць новы метал. Ужыць строгую меру. Ужыць зброю. □ [Лявон:] Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба! Козел. Лена ведала ўсе .. прапісныя педагагічныя ісціны з тэхнікума тэарэтычна, а як іх ужыць на практыцы, цяжка было нават уявіць. Няхай. // Знайсці прымяненне чаму‑н. Ёсць дзе папрацаваць .. спецыялісту, ужыць свае веды. «Звязда».
2. Выкарыстаць, скарыстаць, прымяніць дзе‑н. Напярэдадні пасяджэння .. [Дывінец] ужыў, нарэшце, разец сваёй канструкцыі і за змену выканаў сем дзённых норм. Асіпенка. І сказаць папраўдзе,.. [Алёша] не ведаў, як абысціся з імі [грашамі], на што растраціць, як іх ужыць. Васілевіч. // Выкарыстаць на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова. Лынькоў. [Піліп Тарасавіч] гатовы цяпер ужыць любую метафару, абы выбіць з-пад ног грунт у праціўніка. Ермаловіч.
уз... (а таксама уза..., ус...), прыстаўка.
I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць руху ўверх, напрыклад: узляцець; 2) напружанасць, сілу дзеяння, хуткае наступленне якога‑н. стану, напрыклад: узвіхрыцца, узрасці; 3) закончанасць дзеяння, давядзенне да якога‑н. стану або граніцы, звычайна з адценнем паўнаты, інтэнсіўнасці, напрыклад: узбоўтаць, уз’есціся.
II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыслоўяў і абазначае: на краі чаго‑н. або побач з чым‑н., напрыклад: узлесак, узмежак, узгорак, узмор’е, узбоч, уздоўж.
уза..., прыстаўка (гл. уз...).
Ужываецца замест «уз...»: 1) перад збегам зычных, напрыклад: узабрацца, узарвацца, узаткнуць; 2) перад зычнымі, пасля якіх пішацца мяккі знак або апостраф, напрыклад: узалью, узаб’ю.
узабра́цца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.
Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.