узаемавы́ручка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Узаемная выручка. Падполле зводзіць разам розных людзей. Потым яны на ўсё жыццё застаюцца сябрамі. Узаемавыручка і сяброўства — залаты закон падполля. Дзенісевіч.
узаемадаве́р’е, ‑я, н.
Узаемнае давер’е (паміж арганізацыямі або асобнымі людзьмі). Мастацкія пераклады, як паказвае практыка Янкі Купалы, верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.
узаемадапамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.
Узаемная дапамога. Братняя ўзаемадапамога. Дагавор аб дружбе і ўзаемадапамозе. □ Узаемадапамога стала законам у рабоце маладых жывёлаводаў. «Звязда». Новыя словы нейкімі невідочнымі птушкамі мітусіліся вакол: арганізацыя, кааперацыя, выбары, узаемадапамога... Бядуля.
•••
Каса ўзаемадапамогі гл. каса.
узаемадачыне́нне, ‑я, н.
Сувязі, адносіны, якія складваюцца ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў. Колас ставіць тыпова сялянскую псіхалогію ва ўзаемадачыненні з найвялікшымі сацыяльнымі зрухамі часу — Кастрычніцкай рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, сацыялістычным пераўтварэннем вёскі. Навуменка. // Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Эпізод жа, пра які гаварылася вышэй, выцірае з рамак узаемадачыненняў герояў. «Полымя».
узаемадзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Быць, знаходзіцца ва ўзаемадзеянні, дзейнічаць узгоднена. Жыццёвы вопыт большасці пісьменнікаў праз творы актыўна ўзаемадзейнічаў з вопытам чытача, які сам зведаў, што такое вайна. Дзюбайла.
узаемадзе́янне, ‑я, н.
Узаемная сувязь з’яў, прадметаў паміж сабою, іх узаемная абумоўленасць. Калі хімічны раствор перасычаны, дастаткова ў ім зарадзіцца маленькаму крышталіку, — і малекулярныя сілы ўступяць ва ўзаемадзеянне. Карпюк. // Узгодненасць дзеянняў; узаемная падтрымка. [Камлюк:] — Раптоўнасць, дакладны разлік, арыенціроўка і ўзаемадзеянне ў баі — і вы [Андрэй і Барыс] выйграеце. М. Ткачоў.
узаемазале́жнасць, ‑і, ж.
Залежнасць адзін ад другога, узаемная залежнасць з’яў, асоб, арганізацый і пад. Узаемазалежнасць паміж вырабам і збытам тавараў. □ Ёсць .. нормы, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Шамякін.
узаемазамяня́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць, магчымасць замяняць адзін аднаго, узаемная замена. Узаемазамяняльнасць у рабоце.
узаемазвя́заны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны ўзаемнай сувяззю паміж сабою. Вытворчасць збожжа і вытворчасць прадуктаў жывёлагадоўлі ўзаемазвязаны.
узаемападтры́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
Узаемная падтрымка. Узаемападтрымка членаў калектыву. □ Дружба і ўзаемападтрымка ўсходнеславянскіх народаў праяўляліся заўсёды. «Полымя».