Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узагнаць.

узагна́ць, узганю, узгоніш, узгоніць; зак., каго-што.

1. Заставіць каго‑н. узысці куды‑н., апынуцца дзе‑н.; загнаць каго‑, што‑н. Узагнаць ката на дрэва. Узагнаць машыну на платформу. □ [Богдан:] — Пабачым, ці не можна будзе туды [на сенажаць] скаціну ўзагнаць. Дуброўскі.

2. Разм. Прымусіць устаць, падняцца адкуль‑н., змяніць становішча. [Андрэй:] — Як хочаш, але я цябе [Івана] заўтра рана ўзганю з ложка. Чарнышэвіч. Саскочыла Эма з ложка, Узагнала цялушку на ножкі. Глебка. // Успудзіць. Глухі стрэл узагнаў над гаем варон. Асіпенка. Машына брала пад горку. Праязджалі вёску. На краі дарогі, мінаючы лужыну, узагналі чародку мокрых шпакоў. Пташнікаў.

3. Насадзіць. Узагнаць абручы на бочку.

уза́д, прысл.

Назад; у процілеглы бок. [Васіль] пацягнуў гармату ўзад да таго дома, з якога ад куляў сыпалася тынкоўка. Карпюк.

•••

Ні ўзад ні ўперад — ні сюды ні туды.

Узад і ўперад; узад-уперад (з дзеясловамі руху) — з аднаго канца ў другі, сюды і туды. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў ўзад і ўперад. Якімовіч.

узадра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узадраць.

узадра́цца, уздзяруся, уздзярэшся, уздзярэцца; уздзяромся, уздзерацеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адарваўшыся, задрацца ўгору. Узадралася салома на страсе.

2. Разм. Узлезці, залезці на што‑н. Узадрацца на хвою.

3. перан. Груб. Рана прачнуўшыся, устаць, падняцца з пасцелі. Узадрацца да світання. □ Узадралася сяк-так, працерла вочы. Крапіва.

узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.

1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.

2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.

узаема...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: узаемны, узаемна, напрыклад: узаемадапамога, узаемадзеянне, узаемакантроль, узаемапранікненне.

узаемаабумо́ўленасць, ‑і, ж.

Узаемная абумоўленасць з’яў, узаемны ўплыў адных з’яў на другія. Узаемаабумоўленасць з’яў у прыродзе і грамадстве. □ Падаючы ва ўзаемасувязі і ва ўзаемаабумоўленасці з’явы і падзеі, літаратар, паводле А. М. Горкага, павінен узнімацца да шырокіх абагульненняў. Кудраўцаў.

узаемаадно́сіны, ‑еш; адз. няма.

1. Адносіны, якія склаліся ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў і пад. Узаемаадносіны філасофіі і прыродазнаўства. □ Папаўненне лексічнага саставу беларускай мовы ў XIX — пачатку ХХ стст. адбывалася ва ўмовах своеасаблівых узаемаадносін з іншымі мовамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Паміж выхаванцамі і настаўнікамі існавалі таварыскія ўзаемаадносіны. Сяргейчык. Праблема ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі заўсёды хвалявала Змітрака Бядулю. Каваленка.

узаемавы́гадны, ‑ая, ‑ае.

Які выгадны ўзаемна для абодвух бакоў. Узаемавыгадны гандаль. Узаемавыгадныя ўмовы паставак прадукцыі.