удо́ўж, прысл. і прыназ.
1. прысл. У даўжыню, па даўжыні. Тры лініі мераюць мой пакой удоўж, ушыркі і ўвысь. Арочка. Я пачаў дзяліць загон упоперак, а .. [бацька] папрасіў падзяліць яго ўдоўж. Сяргейчык. [Юрка:] — Збоку кожны [свінню] пераскочыць. Ты ўдоўж паспрабуй. Скрыпка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «удоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па даўжыні чаго‑н., а таксама на размяшчэнне чаго‑н. па даўжыні якога‑н. прадмета. Удоўж сцен стаялі лавы. Колас. Неўзабаве адхілілася шырмачка з квяцістай фасолькай удоўж столак і ў пакой заглянула Алеся. Кулакоўскі.
•••
Удоўж і ўпоперак — а) ва ўсіх напрамках, усюды. Удоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам. Колас; б) вельмі добра, да дробязей (ведаць каго‑, што‑н. і пад.).
удо́ўжкі, прысл.
Тое, што і удоўж (у 1 знач.). Па свеце і ўдоўжкі, і ўшыр Шчаслівая слава пайшла. Купала. Вось звіць бы пугу ўдоўжкі на вярсту — Яна страляла б, як пярун з-пад хмары! Астапенка.
удражні́ць, удражню, удражніш, удражніць; зак., каго-што.
Разм.
1. Увесці ў стан злосці, раздражнення; раззлаваць, раздражніць. Удражніць сабаку. □ [Дзядзька Пракоп:] — Бывае, цэлымі гадзінамі цікуе [мядзведзь] за чалавекам у лесе, ходзіць за ім услед, падглядвае, а не зачэпіць. Ну, а калі ўжо ўдражніш, тады трымайся. Ляўданскі.
2. перан. Раздражніць (рану, скуру і пад.).
удру́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да удружыць.
удружы́ць, удружу, удружыш, удружыць; зак., каго-што, каму і без дап.
Аказаць сяброўскую паслугу; узычыць. Расадка тут [у брыгадзе] заўсёды самая лепшая: сабе пасадзяць і другім калгасам удружаць на патрэбу. Кулакоўскі. // Іран. Зрабіць каму‑н. непрыемнасць. [Дзяжа:] Чаму ж «сястры» ды не ўдружыць, На радасць сум не палажыць? Колас. [Высеўка:] — Самі ж вы не захацелі быць у праўленні. [Дзядзька Яўтух:] — Сам. Правільна .. А хто давёў? Хто ўдружыў мне, Апанас Рыгоравіч? Бялевіч.
удру́зг, прысл.
Ушчэнт, па дробныя кускі, часткі.
удрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад удрукаваць.
удрукава́цца, ‑куецца; зак.
Змясціцца ў друкаваным выглядзе па паперы. Удрукавацца на адным аркушы. // Паддацца надрукаванню ў пэўныя тэрміны (пра тэксты).
удрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Друкуючы, змясціць на паперы.
2. Запоўніць цалкам друкаваным тэкстам.
удруко́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да удрукавацца.
2. Зал. да удрукоўваць.