Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

увапхну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увапхнуць.

увапхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і упхнуцца. Здалося, Ткачук не адразу рашыўся лезці за мной, але ўрэшце, нязграбна хапаючыся за, спінкі сядзенняў, увапхнуўся і ён. Быкаў.

увапхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і упхнуць.

ува́р, ‑у, м.

1. Тое, што і уварка.

2. Колькасць, аб’ём, на які паменшала што‑н. пры варцы.

увараві́т, ‑у, М ‑віце, м.

Мінерал ізумрудна-зялёнага колеру з групы гранатаў з дамешкай хрому.

[Ад уласн. імя.]

ува́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увары́ць.

ува́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ўваркі чаго‑н. Уварачны пункт.

ува́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ува́рваць — увары́ць і ува́рвацца — увары́цца.

уварва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. урыва́цца — уварва́цца.

уварва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уварва́ць (у 1, 2 знач.).

ува́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уварыцца.

2. Зал. да ува́рваць.

уварва́цца, ‑рву́ся, ‑рве́шся, ‑рве́цца; ‑рвёмся, ‑рвяце́ся; зак.

1. Увайсці сілай, пераадольваючы перашкоды. Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Мележ. Дзверы, зашчэпленыя на кручок, з сілай былі расчынены, і ў магазін уварваўся мужчына. «Звязда». На станцыю мы ўварваліся з поўнага ходу і ўсім агнём абрушыліся на ворага. Ракітны. // Бесцырымонна пранікнуць куды‑н., вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Мімаходзь кінула [Ліза] на стол папку і ветрам уварвалася ў бацькаў кабінет. Сачанка. // перан. Умяшацца ў што‑н. Якая яна, гэтая жанчына, што так нахабна ўварвалася ў .. асабістае жыццё [Люсі]? Шашкоў.

2. перан. Хутка пранікнуць куды‑н. (пра гукі, пахі і пад.). У зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Паслядовіч. Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю. Васілевіч. Павольна наблізіўся вялікі, ярка асветлены будынак. Яго святло ўварвалася праз акно ў адзін кут купэ. Васілёнак. // Імкліва напоўніць сабою, пранікнуць (пра думкі, пачуцці, здарэнні і пад.). У галаве [Несцера] бліснула думка, што патрэбна хата новая і інакшая. Нават неяк спалохаўся стары такое думкі, але што зробіш, калі яна ўварвалася так неспадзявана. Пестрак. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! Колас. Вайна ўварвалася ў лёс Акіліны, як урывалася яна ў тысячы другіх жаночых лёсаў. Шкраба.