Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ува́л, ‑у, м.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. уваліць ​1 (у 7 знач.). Увал судна.

увалака́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да увалакаць.

увалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да увалачы.

увалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. увалок, ‑лакла, ‑лакло; зак., каго-што.

Разм.

1. Уцягнуць, з цяжкасцю ўнесці ўнутр чаго‑н. Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўваходу ў палатку пачуліся галасы, тупат, і двое санітараў увалаклі насілкі з параненымі. Быкаў.

2. Украсці. Воўк авечку ўвалок. □ Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць. З нар.

•••

(Ледзь) ногі ўвалачы — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. [Напалеон] думаў: — Як з гэтай краіны Я ногі свае ўвалаку? Бялевіч.

ува́лены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уваліць ​1 (у 1–3 знач.).

ува́лены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уваліць ​2.

увалі́цца 1, увалюся, увалішся, уваліцца; зак.

1. Упасці, праваліцца куды‑н. Каб не ўваліцца ўпоцемках у якую-небудзь яму, Пераход увесь час глядзеў сабе пад ногі. Кулакоўскі. Зімою, у самыя маразы .. гусак у калодзеж уваліўся. Лобан. // Укуліцца, з ходу сесці (у вазок, калёсы, кузаў машыны і пад.). Калі .. [Сотнікаў] неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Быкаў. [Вугальнік] адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані .. і пагнаў каня. Пташнікаў.

2. Стаць упалым. Уваліліся грудзі. У казы бакі ўваліліся. □ Вочы [палкоўніка] пачырванелі ад бяссонных начэй, шчокі ўваліліся. Шамякін. І Нюра вельмі пахудзела, пахудзела і пастарэла. Шчокі ўваліліся, каля губ маршчыны. Вочы сумныя. Арабей. Рыгор Данілавіч пахудзеў, вочы глыбока ўваліліся, на твары .. жоўтыя плямы. Хведаровіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Праваліцца, абваліцца; абрушыцца ўнутр чаго‑н. Увалілася страха гумна на ток. // Асесці. [Загароўская:] — Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прыйшла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Гурскі.

4. Разм. Цяжка, з шумам, грукатам увайсці куды‑н.; уварвацца няпрошаным. Тое, што столькі мужчын увалілася адразу ў хату, мусіць, спалохала гаспадыню. Сабаленка. Многія пачалі развітаецца з маладажонамі, і тады ў залу ўваліўся Ігар Раеўскі. Даніленка. // перан. Нечакана ўзнікнуць; укінуцца. У вёску ўваліўся тыфус, перахварэлі ім усе і ў нашай сям’і. Хадкевіч. Быў выпадак, калі ўзвод напаткала вельмі цяжкая бяда — уваліўся сыпняк. Кулакоўскі.

увалі́цца 2, уваліцца; зак.

Стаць цвёрдым, ушчыльніцца ў працэсе валення (пра сукно, шэрсць). Сукно добра ўвалілася.

увалі́ць 1, увалю, уваліш, уваліць; зак.

1. што. Укінуць, унесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уваліць камень у канаву. Уваліць мяшок жыта ў сенцы. // Разм. Усыпаць што‑н. адразу, у вялікай колькасці. Уваліць шчэбень у яму. // Вывезці на поле ў вялікай колькасці для ўгнаення глебы. Столькі гною ўвалілі пад азімыя.

2. што. Увагнуць, уціснуць унутр чаго‑н., зрабіць упалым. Уваліць страху.

3. што. Разм. Праваліць, абваліць; абрушыць што‑н. унутр чаго‑н. Такой жа моцы і столь: за метровай мураванай кладкай падвешан пераплёт сталёвых прутоў, залітых цэментам .. Вось чаму бомбы ўвалілі столь толькі там, дзе ўпалі. Лужанін.

4. без дап. Разм. Увайсці, убегчы гуртам, натоўпам, неарганізавана. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей. Шамякін.

5. Разм. Моцна пабіць. Яму так увалілі, што ледзь жывы.

6. Разм. З’явіцца, сесці (аб фурункуле, скуле і пад.). Скула ўваліла.

7. Спец. Адхіліць ад якога‑н. кірунку, курсу. Уваліць нос карабля пад вецер.

увалі́ць 2, увалю, уваліш, уваліць; зак., што.

Апрацаваць сукно, шэрсць валеннем. Уваліць лямец.

увало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увалачы.

ува́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. увальваць ​2 — уваліць ​2 і увальвацца ​2 — уваліцца ​2.

ува́львацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уваліцца ​1.

2. Зал. да увальваць ​1 (гл. уваліць ​1 у 1–3 знач.).

ува́львацца 2, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уваліцца ​2.

2. Зал. да увальваць ​2.