тралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
1. Спец. Падцягваць, падвозіць драўніну ад месца нарыхтоўкі да дарогі ці да месца сплаву. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота. Пташнікаў. Быў бы жывы тата, ён даўно б новы дом збудаваў. Ён ужо тады пачаў траляваць бярвенні з лесу. Кудравец. // Разм. Вывозіць, перавозіць што‑н. у вялікай колькасці. І ўспомніў я зіму з вятрамі, Што галасіла над палямі, Калі мы з дзедам тралявалі Настыўшыя, цяжкія шпалы. Танк. Трактарысты дзень пры дні тралявалі ўгнаенне пад яравыя. Кухараў.
2. Абл. Ісці, рухацца. Тады і хлопцы тон мяняюць: Ідуць у лес, крычаць, гукаюць .. А дзядзька ўперадзе тралюе. Колас. — Но-но, каб ты здаровенек быў, — падбадвёрваў .. Алесь каня. — Тралюй! Якімовіч. // Пракладваць дарогу, шлях. Узышоўшы на сенажаць, тралявалі шырокі гасцінец па густой траве, ішлі проста на дымаўскіх касцоў. Крапіва. — З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху. Васілевіч.
тра́ма, ‑ы, ж.
Апорная бэлька, якая падтрымлівае столь (у драўляных будынках). Пад трамай у хаце вісіць зялёны сёлетні тытун. Бядуля.
трамбава́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для трамбоўкі, трамбавання. Трамбавальная машына.
трамбава́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца трамбоўкай.
трамбава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. трамбаваць.
трамбава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад трамбаваць.
трамбава́цца, ‑буецца; незак.
Зал. да трамбаваць.
трамбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., што.
Ударамі, ціскам рабіць больш шчыльнай якую‑н. рыхлую масу (зямлю і пад.) і выраўноўваць яе паверхню. Трамбаваць зямлю. Трамбаваць сілас.
[Ад ням. trampeln — таптаць.]
трамбані́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Музыкант, які іграе на трамбоне.