траляваць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

1. Спец. Падцягваць, падвозіць драўніну ад месца нарыхтоўкі да дарогі ці да месца сплаву. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота. Пташнікаў. Быў бы жывы тата, ён даўно б новы дом збудаваў. Ён ужо тады пачаў траляваць бярвенні з лесу. Кудравец. // Разм. Вывозіць, перавозіць што‑н. у вялікай колькасці. І ўспомніў я зіму з вятрамі, Што галасіла над палямі, Калі мы з дзедам тралявалі Настыўшыя, цяжкія шпалы. Танк. Трактарысты дзень пры дні тралявалі ўгнаенне пад яравыя. Кухараў.

2. Абл. Ісці, рухацца. Тады і хлопцы тон мяняюць: Ідуць у лес, крычаць, гукаюць .. А дзядзька ўперадзе тралюе. Колас. — Но-но, каб ты здаровенек быў, — падбадвёрваў .. Алесь каня. — Тралюй! Якімовіч. // Пракладваць дарогу, шлях. Узышоўшы на сенажаць, тралявалі шырокі гасцінец па густой траве, ішлі проста на дымаўскіх касцоў. Крапіва. — З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)