то́ры, нескл., м.
1. Палітычная партыя ў Англіі ў 17–19 стст., якая выражала інтарэсы буйных землеўладальнікаў і вышэйшага духавенства і на аснове якой склалася партыя кансерватараў.
2. Член такой партыі або наогул кансерватар у Англіі.
[Англ. tory.]
то́рыевы, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з торыю, які мае ў сваім саставе торый. Залежы торыевых руд.
то́рый, ‑ю, м.
Хімічны элемент, радыеактыўны метал, які з’яўляецца сыравінай для прамысловага атрымання ядзернай энергіі.
[Ад імені Тора, бога грому ў скандынаўскай міфалогіі.]
то́рысты, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім саставе торый. Торысты вальфрам.
то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.
тост, ‑у, М ‑сце, м.
Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.
[Англ. tost.]
то́ўпіцца, ‑піцца; незак.
1. Збірацца дзе‑н. вялікай групай, утвараць натоўп. Людзі неўзабаве тоўпіліся ля кухні. Чорны. Каля невялікага доміка, што выпадкова ўцалеў паміж руін, тоўпіліся незнаёмыя людзі. Няхай. Ля параднага ўваходу тоўпяцца сямікласнікі — іх на вечар не пускаюць, ён для старэйшых класаў — ад восьмага да дзесятага. Навуменка. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Рыбіны пачынаюць тоўпіцца і шукаць выйсця. Грахоўскі. / Аб прадметах. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. Кухараў. Наверсе тоўпіліся змрочныя каменныя калоны, а за імі — уваход у нязграбную прыземістую будыніну. Б. Стральцоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Розныя думкі тоўпіліся ў галаве, але ўсе яны былі пякучыя, і сэрца ныла, ныла. Марціновіч. Малюнкі з пражытага, з мінулага тоўпяцца, праплываюць карагодам, вярэдзяць сардэчныя раны. Місько.
2. Абл. Умяшчацца дзе‑н., у чым‑н. [Аўтобус] быў малы, і ў Востраве на прыпынку не маглі ўсе сесці — не тоўпіліся. Пташнікаў. / Пра думкі, радасць і пад. — Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай. Дамашэвіч. Не тоўпілася ў яго местачковай галаве, каб яго сястра Фрэйда зрабілася свінаркай. Бядуля.
тоўста... (а таксама таўста...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тоўсты», напрыклад: тоўстагаловы.
тоўстагало́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З вялікай, тоўстай галавой. Тоўстагаловая змяя.
тоўстагало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
1. Муха з вялікай галавой і кароткімі вусамі.
2. Дзённы матыль з вялікай галавой і кароткімі крыламі.