Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

тлумачэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тлумачыць. // Тое або іншае разуменне, асвятленне чаго‑н., трактоўка. Тлумачэнне вобраза. □ Словы былі незразумелымі для Язэпкі, і ён стараўся .. даваць ім свой змест, сваё тлумачэнне. Бядуля.

2. Тое, што тлумачыць што‑н., памагае зразумець прычыну чаго‑н. Нарэшце .. [ляснік] знайшоў сваім паводзінам пераканаўчае тлумачэнне. Шчарбатаў.

тлумі́ць, тлумлю, тлуміш, тлуміць; незак., каго-што.

Разм. Марочыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам.

•••

Тлуміць галаву — марочыць, задурваць, пазбаўляць магчымасці разумна разважаць. Данік, пачынаючы з панядзелка, увесь тыдзень тлуміў мне галаву, каб у выхадны дзень мы селі на човен і падняліся да той памятай для яго пераправы. Краўчанка.

тлу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.

2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.

тлустава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху тлусты. Тлуставатае мяса.

тлу́стасць, ‑і, ж.

1. Тлушч. Седзячы кружком вакол агню, задуменна глядзелі на скваркі сала, пакручвалі іх і — каб не сцякала дарэмна шмат тлустасці — падстаўлялі акрайцы хлеба. Нікановіч. Апрача таго, тлустасць барсука вельмі памагае ад прастуды і ідзе для шмаравання ботаў, асабліва паляўнічых. Маўр.

2. Ступень утрымання тлушчу ў чым‑н. Тлустасць малака.

3. Укормленасць, сытасць.

тлу́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае шмат тлушчу. Тлустая свініна. □ Зямлянка напоўнілася смачным пахам тлустага баршчу. Шамякін. Магчыма нават, разважаў дзед,.. [Белалобая] таму і дае так многа тлустага малака, што ходзіць асобна, выбірае лепшую траву. Шуцько. // Які атрымаўся ад тлушчу. Тлустая пляма.

2. Тоўсты, укормлены, сыты. Наперад праціснулася Тэкля .. Яе тлусты падбародак затросся. П. Ткачоў. Ля Колі Жураўскага ляжаў добры тузін тлустых акунёў. Курто. Заяц тлусты, але паляжаў цэлы дзень і скура не адстае. Жычка. // Сакавіты, мясісты (пра расліны). Грыбоў — хоць касой насі: на імшарынах — махавікі, .. ваўнянкі і сыраежкі.. А яшчэ лісічкі-драбнухі, а тлустыя казлякі, а яркія падасінавікі на крэпкіх ножках! Лось.

3. перан. Насычаны карыснымі рэчывамі. Запраўленае ў тлустую і пульхную глебу насенне хутка і дружна прарасло. Паслядовіч. / Пра голас. Галасок Зэліка не [гарманіраваў] з яго .. магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Бядуля.

4. Тоўсты, з тоўстымі лініямі (пра лініі, друкарскія знакі, літары і пад.). А адну заметку з «Звязды» ўпрыгожвалі нават не рыскі, а тлусты клічнік. Мехаў. «У палоне навуковасці», — прачытаў .. [Рыгор] набраны тлустым шрыфтам загаловак артыкула. Арабей.

•••

Тлусты кусок (кавалак) — тое, што і смачны кусок (кавалак) гл. кусок.

тлусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца тлустым або больш тлустым. Прыязджаў дзядзька з млына і прывозіў навіну: — Аптэкар зноў ездзіў у Беласток сала зразаць з жывата! — От, крывасмокі! У цябе кішкі ад працы папрысыхалі да крыжа, а яны ўсё тлусцеюць! Карпюк.

тлу́сціць, тлушчу, тлусціш, тлусціць; незак., што.

1. Вымазваць, зашмальцоўваць што‑н. тлушчам, чым‑н. тлустым.

2. Спец. Насычаць тлушчамі што‑н. у працэсе апрацоўкі. Тлусціць скуру.

тлушч, ‑у, м.

Нерастваральнае ў вадзе масляністае рэчыва, якое ўтрымліваецца ў жывёльных і раслінных тканках. Рыбін тлушч.