Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

тока...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да электрычнага току, напрыклад: токаразмеркавальнік, токапрыёмнік, токаабмежавальнік.

токапрыёмнік, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для перадачы току з кантрольнага проваду (або рэйкі) рухавіку электратранспарту. Токапрыёмнік тралейбуса.

2. Назва розных прыбораў, у якіх адбываецца ператварэнне электрычнай энергіі.

то́кар, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па апрацоўцы металу, дрэва і пад. шляхам абточвання. — А ты якой прафесіі? — запытаў малады. — Я токар па металу. — Токар? Токараў прабіралі часта. Галавач.

тол, ‑у, м.

Выбуховае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў артылерыі і пры падрыўных работах; тратыл. Рыгор .. мініраваў дарогу. Прыклаў да рэйкі тол — раз! Воскам прыклеіў наверсе пальчык узрыва[льніка] — два! Гатова! Краўчанка.

[Скарачэнне слова трынітраталуол.]

то́лавы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з толу. Толавыя шашкі. // Уласцівы толу. Чабаровы водар перабіваў кіслы толавы пах, які кружыў галаву. Алешка.

2. Звязаны з вытворчасцю толу.

то́левы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да толю, звязаны з вытворчасцю толю. Толевы завод.

2. Зроблены з толю. Толевы дах.

толк, ‑у, м.

1. Сэнс, значэнне, сутнасць. Але ўсё ж даходзіць толку, пазнае ўсё лепш работу. Неслухмянай той іголкай ён [хлопец] штаны ўжо шые з корту. Дубоўка. // Розум, разважлівасць, кемнасць. Калі ў галаве тваёй толк, Жывецца па густу і толкам. А. Александровіч.

2. Карысць, добры вынік. [Луцко:] — Ведаю, што іду не на лёгкі хлеб. Але паспрабую, можа толк будзе. «Звязда». Маці лічыла, што лепш усё ж пасадзіць .. бульбу, якая вырасце напэўна. А з расады ці будзе яшчэ які толк? Якімовіч.

•••

Без толку — без патрэбы, без карысці, дарма. [Алесь:] — Што ты робіш, Платон! Ты ж і камяні без толку псуеш і збожжа людзям... Хіба ж гэта мука? Ракітны.

Ведаць толк у чым гл. ведаць.

Да толку — дарэчы, да месца. [Чалавек:] — Добрая была кабеціна, як у працы, так і на людзях — не пачырванееш, бывала, з-за яе: і слова да толку скажа, і за што возьмецца, тое зробіць. Гурскі.

Збіцца з толку гл. збіцца.

Збіць з толку гл. збіць.

З толкам — з розумам, разумна. [Апейка:] — Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Мележ.

Няма толку гл. няма.

Узяць (браць) у толк гл. узяць.

то́лкам, прысл.

1. Так, каб было зразумела. — Які ячмень, хто пастрыг, раскажы толкам? — звярнуўся да Волькі Міхал. Васілевіч. — Ды раскажы ты [Віктар] толкам, у чым справа? — нецярпліва крыкнуў Мірон. Маўр. // Сур’ёзна, не жартуючы. [Цётка Ганна:] — Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён [доктар] пра перадачу знайшоў час думаць. Лынькоў.

2. Добра, як належыць. Праверылі — кучы не ўсе толкам зложаны. У некаторых месцах куча гною асобна, а торф асобна. Ермаловіч. // Доказна, лагічна. Аб выніках даследавання даложана толкам.

толь, ‑ю, м.

Насычаны воданепранікальным саставам тоўсты кардон, які выкарыстоўваецца як дахавы і ізаляцыйны матэрыял. Алесь сядзеў на даху драўлянага барака, у групе шчаслівых, то весела, то зусім абыякава адчуваючы, як растае пад ім і так нагрэты на сонцы толь. Брыль.

[Фр. tôle.]