Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развясёлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі вясёлы. — Люба, — смальнуў .. [Сашка] развясёлым голасам, — бяры чарку! Чорны. Ліха рэзаў гармонік, екатаў бубен, з подсвістам, з прыпеўкамі таптала вулкавы пыл развясёлае войска. М. Стральцоў.

разгавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак., з кім і без дап.

Разм. Пачаць шчырую гаворку з кім.‑н. — Эх, і лесу ж у вас многа! — сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй. Колас. Разгаварыліся тады землякі пра родны горад, і выявілася, што абодва з Горкай вуліцы. Пальчэўскі. // Пачаць многа гаварыць, стаць гаваркім. — Іменна, галубок, драч. Мы яго дзеркачом завём, — разгаварыўся дзед Мікалай. — Кажуць, птушка тая пехатой шыбуе з самай Афрыкі. Ідзе і ідзе сабе і анігадкі. Даніленка. Сяргей быў не вялікі мастак расказваць. Асабліва яму цяжкавата было пачынаць, разгаварыцца. Машара.

разгаве́нне, ‑я, н.

Уст.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгавецца.

2. Першы скаромны дзень пасля посту.

разгаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Уст. Паесці першы раз скаромнага пасля посту. — Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка. // Разм. З’есці што‑н. смачнае ўпершыню пасля доўгага перапынку. [Міхал:] Як ты думаеш, маці, можа, сёлета дажынкі справіць? Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху... С. Александровіч.

разгадава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разгадаваць.

разгадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Вырасці; растаўсцець. — Ты, Антоша, быў тады такі шчупленькі, проста хлапчук. А зараз глядзі, як разгадаваўся... Аношкін.

разгадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго-што.

1. Старанна даглядаючы, забяспечыць рост, развіццё каго‑, чаго‑н. Разгадаваць сад. □ [Васіліса:] А ты толькі і ведаеш сваіх коней. Разгадаваў, як на выстаўку. Гурскі.

2. Выгадаваць у вялікай колькасці, распладзіць. Разгадаваць свіней.

разгада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разгадаць.

разгада́цца, ‑аецца; зак.

Аказацца разгаданым; стаць ясным, зразумелым. Так Шабуня нічога і не ўведаў ад Кірылы. Загадка разгадалася вечарам. Чарнышэвіч. Прычына яго [Васіля Кузьміча] смеласці хутка разгадалася: ён быў крышачку выпіўшы. Лобан.

разгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Па якіх‑н. прыкметах, дадзеных зразумець сэнс чаго‑н. няяснага, незразумелага для каго‑н., уясніць значэнне, характар каго‑, чаго‑н. Разгадаць намеры. Разгадаць сон. □ Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад? Колас. Янка Купала быў першым, хто чуццём геніяльнага мастака разгадаў у Багдановічу выдатнага паэта. Майхровіч.

2. Знайсці правільны адказ на што‑н. загаданае; адгадаць. Разгадаць загадку. Разгадаць рэбус.