разгаварыцца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак., з кім і без дап.
Разм. Пачаць шчырую гаворку з кім.‑н. — Эх, і лесу ж у вас многа! — сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй. Колас. Разгаварыліся тады землякі пра родны горад, і выявілася, што абодва з Горкай вуліцы. Пальчэўскі. // Пачаць многа гаварыць, стаць гаваркім. — Іменна, галубок, драч. Мы яго дзеркачом завём, — разгаварыўся дзед Мікалай. — Кажуць, птушка тая пехатой шыбуе з самай Афрыкі. Ідзе і ідзе сабе і анігадкі. Даніленка. Сяргей быў не вялікі мастак расказваць. Асабліва яму цяжкавата было пачынаць, разгаварыцца. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)