талсто́ўства, ‑а, н.
Рэлігійна-этычнае вучэнне пісьменніка Л.М. Талстога, якое выражаецца ў крытыцы і адмаўленні сучаснага яму грамадскага ладу і цывілізацыі з пазіцый патрыярхальнага сялянства і ў прапагандзе ідэі маральнага ўдасканалення і непраціўлення злу насіллем.
талуо́л, ‑у, м.
Вуглевадарод; пахучая бясколерная вадкасць, якая выкарыстоўваецца для вырабу выбухных рэчываў, фарбавальнікаў, лекавых прэпаратаў.
[Ад геагр. назвы і лац. oleum — алей.]
та́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які злёгку падтаў. Востра пахла .. гаркавай лазой і талым снегам. Лынькоў. А пад абед .. [дарогі] зноў станавіліся мяккія ад талага снегу. Пальчэўскі. // Які вызваліўся ад снегавога покрыва; які трошкі адтаў. Над садамі, над хатамі і талай зямлёй павісла густая вільготная цемра. Кулакоўскі. Дзе-нідзе на ўзгорках ужо вылазіць наверх свежая талая зямля. Пестрак.
2. Які ўтварыўся ад раставання снегу або лёду (пра ваду). Зух-певень,.. напіўшыся ўволю талай вады пад капяжом, пракрычыць сваё зычнае і радаснае ку-ка-рэ-ку. Сачанка.
талы́шскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да талышоў, які належыць, уласцівы ім. Талышская мова.
талышы́, ‑оў; адз. талыш, ‑а, м.; талышка, ‑і, ДМ ‑шцы; мн. талышкі, ‑шак; ж.
Народнасць, якая жыве ў паўднёва-ўсходняй частцы Азербайджанскай ССР і Паўночным Іране.
таль, ‑і, ж.
Спец. Падвеснае грузападымальнае прыстасаванне з ручным або маторным прыводам.
[Ад гал. talie.]
та́львег, ‑а, м.
Спец. Лінія, якая злучае найбольш нізкія ўчасткі дна рачной даліны, рова і пад.
[Ням. Talweg ад Tal — даліна і Weg — дарога.]
тальк, ‑у, м.
Слаісты мяккі мінерал белага або блакітнага колеру, які выкарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне ў выглядзе парашку.
[Ням. Talk з араб.]