Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

та́бель, ‑я, м.

1. Паслядоўны спіс, пералік чаго‑н. з указаннем даных адносна таго, што пералічваецца. На сцяне ў рамцы вісеў табель уліку надояў малака. Марціновіч. Дачка ўдалася ў матку: Працадзён адхапіла — Аж мала ў табелі месца. Панчанка. // Лісток паспяховасці вучняў. Зачыталі табель паспяховасці — адны тройкі [у Бельскага], толькі пяцёрка па рускай літаратуры, якую вяла сама Вера Адамаўна. Ермаловіч.

2. Спецыяльная дошка (або кніга) для ўліку прыходу на работу і адыходу з работы рабочых і служачых. [Зіна:] — У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

•••

Табель аб рангах — у дарэвалюцыйнай Расіі — суадносіны чыноў воінскага, цывільнага і прыдворнага ведамстваў па старшынству (рангах, класах), уведзеныя Пятром I.

Табель-каляндар — ліст, табліца, у якой па графах распісаны ўсе дні тыдня, месяцы і чыслы года.

[Ад ням. Tabelle — табліца.]

та́бельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўключаны ў табель, устаноўлены табелем. Табельныя дні.

2. Які вядзецца пры дапамозе табеля (у 2 знач.); прызначаны для табеля. Табельны ўлік. // у знач. наз. та́бельная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе вядзецца ўлік яўкі і адыходу з работы. — Магнат, і калі ты ўжо будзеш, пропуск лажыць у табельную? — раптам перабівае нас Анця. Мыслівец.

та́бельшчык, ‑а, м.

Работнік прадпрыемства, установы, які вядзе ўлік яўкі на работу па табелю.

та́бельшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да табельшчык.

та́бес, ‑у, м.

Хранічнае захворванне нервовай сістэмы, позняе праяўленне сіфілісу.

[Лац. tabes — разлажэнне.]

табле́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таблеткі; які служыць для вырабу таблетак. Таблетачны цэх.

табле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Невялікі сплюшчаны шарык з прасаванага лекавага парашку. Таблетка аспірыну. Праглынуць таблетку.

таблі́ца, ‑ы, ж.

Пералік лічбавых даных або якіх‑н. звестак, размешчаных у пэўным парадку па графах. Турнірная табліца. Табліца лагарыфмаў. Табліца множання. □ Гэта быў даволі аб’ёмісты рукапіс, два гады пісаны, перапісаны і зноў пачырканы, з устаўкамі на палях і на адвароце старонак, з табліцамі і дыяграмамі, якія то раздражнялі Толева вока мноствам лічбаў, то па-дзіцячы супакойвалі яго лагоднымі фарбамі малюнкаў. Брыль.

[Польск. tablica ад лац. tabula.]

таблі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да табліца.

2. Дошчачка, пласцінка з надпісам, які ўказвае, абазначае што‑н. Усё меншае і меншае слуп з таблічкай «Рудня», а потым зусім знікае за павароткаю ракі. Куляшоў.

таблі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да табліцы, у выглядзе табліцы. Таблічная форма. Таблічныя звесткі.