Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

сячы́ся, сякуся, сячэшся, сячэцца; сячомся, сечацеся, сякуцца; пр. секся, секлася; незак.

1. Віцца, весці бой. Сячыся на шаблях.

2. Рассякацца, быць пасечаным. Смаляць [белыя] па нас лежачы. Толькі лісце сячэцца ад куляў. Якімовіч.

3. Расшчапляцца на канцах, ламацца (пра валасы). Некалі прыгожая, Крывіцкая зараз паблякла. Русыя валасы секліся, давялося абстрыгчы і зрабіць завіўку. Гурскі.

4. Зал. да сячы (у 1–4 знач.).

сячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сячы (у 1–4 знач.).

2. Паверхня, плоскасць, па якой што‑н. рассечана, разрэзана (у сапраўднасці або ўяўна). Плошча сячэння. Папярочнае сячэнне. □ Ахтан, узняўшы бровы, моўчкі маляваў трубкі рознага сячэння. Алешка.

•••

Залатое сячэнне — прапорцыя, у якой адна частка адносіцца да другой, як усё цэлае да першай часткі.

Кесарава сячэнне — аперацыя рассячэння брушной сценкі або похвы і маткі ў цяжарная жанчыны для нараджэння дзіцяці (робіцца пры немагчымасці нармальных родаў).

т, нескл., н.

1. Дваццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «тэ». Вялікае Т. Напісаць т.

2. Глухі, зубны, выбухны зычны гук.

таба́ка, ‑і, ДМ ‑бацы, ж.

1. Парашкападобны тытунь для нюхання.

2. Разм. Тое, што і тытунь. Гаўрыла пажадаў аддыхнуць. Выняў капшук, набіў піпку табакаю і ўзяў яе ў зубы. Гарэцкі. Дзямян развёў рукамі .. і выцягнуў з кішэні капшук з табакай. Пестрак.

3. Травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі.

•••

Ні за нюх (панюх, панюшку) табакі гл. нюх.

табаке́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да табакеркі.

табаке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Скрыначка для табакі. Яны селі на паваленую сасну, не змаўляючыся, выцягнулі табакеркі: Шаройка — дзюралюмініевую, уласнай работы, Максім — трафейную. Шамякін.

табаку́р, ‑а, м.

Разм. Той, хто курыць табаку (у 2 знач.); курэц. Раптам чамусьці ад кніг сын адбіўся І табакурам заўзятым зрабіўся. Панчанка. За паперай заняліся [вяскоўцы], асабліва табакуры. Машара.

таба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Спец. Веславаць назад для руху кармой уперад, для тармажэння або павароту лодкі.

та́бар, ‑а, м.

1. Група цыганскіх сем’яў, якія качуюць разам, а таксама іх стан, абоз. За ўзгоркам знаходзіцца тавар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. Нарэшце мужчыны засталіся адны — стары Мікола і яшчэ двое цыганоў, барадатыя і злосныя з выгляду. Тавар заціхаў. Чыгрынаў.

2. У мінулым — умацаваны лагер казакаў з абозам. На Буйніцкім полі Налівайка паставіў сваё войска тылам да Дняпра, з трох іншых бакоў абгарадзіўся табарам. Шынклер.

3. Вялікая група людзей, якая размясцілася на часовую стаянку; лагер. Касіць пачыналі з дальніх лугоў і ўпершыню выязджалі туды табарам на ўсе дні сенаўборкі, прыхапіўшы з сабой палаткі і харчы. Хадкевіч.

[Цюрк.]