Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

счапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да счапіць.

счарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад счараваць.

счарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Разм. Зачараваць. Счараваў вяскоўцаў снег: Хоць бы слова, крык ці смех, — Ціха-ціха. Гілевіч.

счарве́ць, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і счарвівець. Грыб ад старасці ўжо счарвеў, спадыспаду яго спаласаваў жук... Сачанка.

счарві́вець, ‑ее; зак.

Стаць чарвівым. А перабольшваць гною нельга, бо калі перабольшыш, дык бульба счарвівее, а ячмень ці яшчэ якая збажына пабуяе і вылежа. Сабаленка.

счарне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў чорным, пачарнелы. На счарнелай ад часу жэрдцы вісела на такім жа счарнелыя драўляным круку калыска. Пестрак. На дарогах вайны бачыла я счарнелых, бяздомных дзяцей. Агняцвет. Кідаецца ў вочы старая счарнелая крапіва ля рэчкі ў голым альшэўніку. Пташнікаў.

счарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць чорным, пачарнець. Адліга. Капае са стрэх, І вецер дзьме вільготны з поўдня, Счарнеў і асядае снег. Грахоўскі. У нас — не змерзла ніводнага каліва, а ў беднага імянінніка нават бульбоўнік увесь счарнеў. Дубоўка. А бацька, стары ўжо чалавек, счарнеў увесь за гэтыя тыдні. Кулакоўскі.

2. Пацямнець. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар. Быкаў. / у безас. ужыв. Наставала ноч. Пара было дамоў. Але Грыша яшчэ доўга стаяў на сваёй строме. Толькі калі зусім счарнела, ён нехаця пасунуўся на ціхія Паронькі. Кірэенка.

счарні́ць, счарню, счэрніш, счэрніць; зак.

1. што. Зрабіць чорным (агнём, фарбай і пад.). Узняўся аднойчы раптоўна ўраган, Счарніў увесь дуб перунамі. Ставер.

2. перан.; каго. Разм. Зняславіць, нагаварыць чаго‑н. на каго‑н. Не можа ён [Звадыяш] і дня пражыць, Каб не счарніць каторага. Броўка. [Сямён Парфёнавіч:] [Шыковіч] хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Шамякін.

3. каго. Разм. Збіць, адлупцаваць. Хлопца .. Макрыны Рудак [Стэцкі] счарніў бізуном за тое, што карова ўбегла ў яго канюшыну. Пестрак.

счарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да счэрпаць.

счарсцве́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан счарсцвелага. Счарсцвеласць хлеба.