Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сча́ліцца, ‑ліцца; зак.

Спец. Змацавацца, злучыцца пры счальванні; звязацца. Плыты счаліліся.

сча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Спец. Змацаваць, злучыць чалам, канатам; звязаць. Счаліць плыты.

сча́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Спец.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счаліць.

2. Канат або жэрдка, якія ўжываюцца для счальвання.

сча́льванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счальваць — счаліць.

сча́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да счаліцца.

2. Зал. да счальваць.

сча́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да счаліць.

счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.

1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.

2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.

3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.

счапі́ць, счаплю, счэпіш, счапіць; зак., каго-што.

1. Змацаваць, прычапіўшы адно да другога, зачапіўшы адно за другое. Счапіць вагоны. □ Кузёмка .. успамінаў мінулы год, калі ён з Міколкам пераворваў гэты вялікі палетак, баранаваў і потым засяваў, счапіўшы ў адзін агрэгат тры сеялкі. Хадкевіч. // Разм. Злучыць, сплятаючы (пальцы, рукі). Счапіўшы рукі ля грудзей гаротна, Яны глядзяць на золата імён. А ў сэрцы ў кожнай — боль па блізкіх, родных, Якім другія дзесь нясуць паклон. Гілевіч.

2. Разм. Адчапіць. Яна рванула вуду да сябе. У паветры мільганула рыбка. Анеля счапіла яе з кручка і кінула ў вядзерца. Лупсякоў.

3. Разм. Прышыць на скорую руку. — Трэба зашыць, — добразычліва вырашыла цётка Антося. — Данка, прынясі чорных нітак, счаплю кавалеру! Карпюк.

счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

счапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да счапіцца.

2. Зал. да счапляць.