Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Дзейнічаючы з вялікай сілай, разваліць, разбурыць, раскідаць. З акна віднелася крыло вакзальчыка, цэлае крыло, другое развярнула бомба. Пестрак. / у безас. ужыв. [Бокуць:] — Бомбы разарваліся недалёка ад палатна чыгункі. Як развярнула зямлю, аж дрэвы з карэннямі павыварочвала. Гурскі. // Прывесці ў беспарадак, разварушыць; растрыбушыць. Бандыты развярнулі пасцелі, шаблямі рэзалі падушкі і высыпалі пух. Чарнышэвіч.

2. Рассунуўшы, раскруціўшы, зрабіць, пашырыць (дзірку, адтуліну і пад.). — Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу. Маўр.

3. Павярнуўшы, змяніць становішча прадмета або напрамак яго руху. Піліп развярнуў машыну і, абмінуўшы вагончык, падкаціў пад паветку. Даніленка. Сакалоўскі развярнуў кулямёт і паслаў у бок фашыстаў доўгую чаргу. Хомчанка.

4. Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту. Развярнуць войскі.

развярста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развярстаць.

развярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н. у адпаведнасці з прыведзенымі разлікамі. [Антон:] — Раён атрымаў заданне на звышпланавы продаж хлеба. Развярсталі яго ў рабочым парадку... Савіцкі. // Размеркаваць, назначыць па месцах. Развярстаць маладых спецыялістаў.

2. Спец. Вярстаючы набраны тэкст, размеркаваць яго па лістах, старонках.

развярце́ць, ‑вярчу, ‑верціш, ‑верціць; зак., каго-што.

Вызваліць ад абгорткі; разгарнуць заверчанае. Развярцець палец. Развярцець цукеркі.

развярэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развярэдзіць.

развярэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развярэдзіць.

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

развясе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развесяліць.

развясе́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да развесяліцца.

развясе́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развесяліць.