развярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Дзейнічаючы з вялікай сілай, разваліць, разбурыць, раскідаць. З акна віднелася крыло вакзальчыка, цэлае крыло, другое развярнула бомба. Пестрак. / у безас. ужыв. [Бокуць:] — Бомбы разарваліся недалёка ад палатна чыгункі. Як развярнула зямлю, аж дрэвы з карэннямі павыварочвала. Гурскі. // Прывесці ў беспарадак, разварушыць; растрыбушыць. Бандыты развярнулі пасцелі, шаблямі рэзалі падушкі і высыпалі пух. Чарнышэвіч.

2. Рассунуўшы, раскруціўшы, зрабіць, пашырыць (дзірку, адтуліну і пад.). — Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу. Маўр.

3. Павярнуўшы, змяніць становішча прадмета або напрамак яго руху. Піліп развярнуў машыну і, абмінуўшы вагончык, падкаціў пад паветку. Даніленка. Сакалоўскі развярнуў кулямёт і паслаў у бок фашыстаў доўгую чаргу. Хомчанка.

4. Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту. Развярнуць войскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)