Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трусі́ха, ‑і, ДМ трусісе, ж.

Самка труса.

тру́сіцца, трушуся, трусішся, трусіцца; незак.

Абл.

1. Дрыжаць ад страху, сцюжы і пад. [Рыль:] — Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Растрасацца, церушыцца. Салома трусілася з воза. // Падаць дробнымі кропелькамі. Усю раніцу трусіўся дожджык.

3. Трэсціся, едучы па дрогкай дарозе. Тры дні трусіўся на калёсах. □ Ванька з прарэхам пад пахай трусіцца на козлах. Караткевіч.

4. Бегчы трушком. І таксама, як .. [дзядзька Ахрэм], дробна трусіўся следам за ім яго неразлучны калматы таварыш. Зарэцкі.

тру́сіць, трушу, трусіш, трусіць; заг. трусі; незак.

Разм.

1. Трэсціся, дрыжаць ад страху, хвалявання, баяцца. Чаго палохацца? Перад кім трусіць? Гартны. / у безас. ужыв. На гэты раз да .. [Валенты] прыйшла добрая карта .. і яго пачынала трусіць усяго. Гарэцкі.

2. каго-што. Трэсці ў час язды па дрогкай дарозе. Да Лісаветы сляпіцаю лез сон .. Каб хоць хутчэй паехаць, воз кідала б на калдобінах і трусіла, дык мо было б не да сну. Сабаленка.

3. каго-што. Трэсці дрэвы, прымушаючы падаць плады. Нехта паспеў узлезці на стары галіністы дуб і трусіў апошнія жалуды. Гамолка. // Трэсці, шукаючы чаго‑н. Немцы трусілі рэчы ў кожным доме, дзе жыў чыгуначны люд. Навуменка.

4. што. Растрасаць што‑н., церушыць. Валасы мае чэша вятрыска і трусіць, А ў халодных травах туды і сюды Валуны на пашы, як белыя гусі, Што гані не гані, а не йдуць да вады. Караткевіч.

5. што. Сыпаць у невялікай колькасці што‑н. сыпкае. Шчыпне [Аўгіня] некалькі драбінак солі і трусіць у страву. Бядуля.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Падаць дробнымі кроплямі (пра дождж). Трусіць дробны-дробны дождж, Шушукае па зямлі, прабірае праз світку да зморанага цела. Каваль. І раз-пораз, як праз сіта, трусяць кроплі дажджу. Кандрусевіч.

7. Бегчы трушком. Крокаў праз колькі [Анісім] пачуў, як наперадзе, у лагчыне, забрахаў Гуляй — ён заўсёды трусіў трошкі наперадзе свайго гаспадара. Сачанка. Пасля поўначы, будучы на варце, Гапанюк заўважыў, як хтось у цемры подбегам трусіў да свінарніка. Дуброўскі.

тру́ска, ‑і, ДМ трусцы; Р мн. трусак; ж.

Тое, што і трусіха.

труска́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трускалак. // Прыгатаваны з трускалак. Трускалачнае варэнне.

труска́лкі, ‑лак; адз. трускалка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Тое, што і клубніцы. У садку ж пад праменнаю ласкаю Наліваюцца, спеюць трускалкі. Чарнушэвіч.

тру́сная,

Цяжарная (пра труску).

трусы́, ‑оў; адз. няма.

Спартыўныя кароткія штаны. // Прыналежнасць мужчынскай або жаночай бялізны.

трусяня́ і трусянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня труса.

труся́тнік, ‑а, м.

Памяшканне для трусоў.