магні́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да магніта. Магнітная сіла.
2. Які мае ўласцівасць магніта; намагнічаны. Магнітны жалязняк. Магнітная сталь.
•••
Магнітнае поле гл. поле.
Магнітнае схіленне гл. схіленне.
Магнітная анамалія гл. анамалія.
Магнітная бура гл. бура.
Магнітная стрэлка гл. стрэлка.
Магнітны мерыдыян гл. мерыдыян.
Магнітны момант гл. момант.
Магнітны полюс гл. полюс.
Магнітны экватар гл. экватар.
магніто́граф, ‑а, м.
Прыбор, які безупынна рэгіструе змены магнітнага поля Зямлі.
магніто́ла, ‑ы, ж.
Радыётэхнічны апарат бытавога прызначэння, які канструкцыйна аб’ядноўвае радыёпрыёмнік і магнітафон.
магніто́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст па вывучэнню магнітных з’яў.
магніто́метр, ‑а, м.
Прыбор для вымярэння напружанасці магнітнага поля.
[Ад грэч. magnētis — магніт і metréō — вымяраю.]
магні́ціць, ‑нічу, ‑ніціш, ‑ніціць; незак., што.
Надаваць чаму‑н. уласцівасці магніта. Магніціць стрэлку компаса.
магно́ліевы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да магноліі. Магноліевы пах. // Які здабываецца з кветак магноліі. Магноліевы алей.
2. у знач. наз. магно́ліевыя, ‑ых. Сямейства двухдольных дрэвавых або кустовых раслін, да якога адносіцца магнолія, лімоннік і пад.
магно́лія, ‑і, ж.
Субтрапічнае дрэва або куст з вялікімі пахучымі белымі ці ружовымі кветкамі. Моцны пах магнолій крыху дурманіў галаву. Рамановіч. І гараць сваім гарачым полымем Белыя магноліі ля хат. Калачынскі.
[Фр. magnolia ці magnolier ад уласнага імя.]
маго́, нескл. і маго́т, ‑а, М ‑гоце, м.
Бясхвостая малпа, якая лёгка прыручаецца; водзіцца ў паўночна-заходняй Афрыцы.
[Фр. magot.]
магу́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць магутнага (у 2, 3 знач.); вялікая сіла, моц. Магутнасць дзяржавы. Магутнасць арміі. □ Сталіца! Магутнасць твая незлічона. Броўка.
2. Спец. Таўшчыня пласта (мінералаў, паветра, вады і пад.). Магутнасць тарфянога залежу. Магутнасць пласта калійнай руды. Магутнасць атмасферы.
3. Спец. Велічыня, якая паказвае адносіны работы да часу, на працягу якога яна выканана. Магутнасць рухавіка. Магутнасць электрастанцыі.
4. толькі мн. (магу́тнасці, ‑ей). Вытворчыя аб’екты (заводы, машыны і пад.). Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. «Звязда».